Супольнасць чыгуначнікаў: на партызанаў вешаюць тое, чаго яны не рабілі
Трох жыхароў Светлагорска абвінавачваюць у акце тэрарызму, які пацягнуў цяжкія наступствы, і здрадзе дзяржаве / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Спаленая рэлейная шафа не магла нашкодзіць жыццям людзей, кажа лідар Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі Сяргей Вайцяховіч. Але следчыя лічаць роўна наадварот і пагражаюць затрыманым смяротным пакараннем.
Расследаванне па справе "светлагорскіх партызанаў" прайшло хутка, хапіла трох месяцаў. Абвінавачанні прад'яўленыя па чатырох артыкулах: "Удзел у экстрэмісцкім фармаванні", "Акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы", "Наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін, якое пацягнула цяжкія наступствы" і "Здрада дзяржаве".
У Супольнасці чыгуначнікаў расказалі, чым небяспечная спаленая шафа. А юрыст НАУ Арцём Праскаловіч растлумачыў, якія абвінавачанні маглі б быць прад’яўленыя партызанам, калі б іх падазравалі ў знішчэнні такой шафы ў краіне, у якой “да законаў”.
"Жыццям людзей нічога не пагражала"
У першыя ж дні вайны партызаны пачалі "рэйкавую вайну", каб спыніць ці запаволіць прасоўванне вайсковых эшалонаў у бок Украіны.
Перагон "Астанкавічы — Жэрдзь", дзе на пяты дзень вайны спалілі рэлейную шафу, — гэта частка лініі, якую пабудавалі яшчэ ў часе Першай сусветнай вайны. Яна павінна была стаць найкарацейшым шляхам для саставаў, якія рухаліся ва Украіну.
Праз 100 гадоў беларусы вырашылі перашкодзіць расійскім вайсковым эшалонам трапіць ва Украіну. І ўступілі ў партызанскую вайну. Сярод іншага — палілі шафы сігнальных установак.
Лідар Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі Сяргей Вайцяховіч расказаў, ці небяспечная спаленая шафа для жыццяў людзей.
— Ёсць тры віды парушэння работы прылад СЦБ — сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі.
Першае парушэнне — фальшывая свабоднасць пуці. Гэта самая небяспечная сітуацыя. Пры ёй аўтаматыка паказвае, што цягніка няма на перагоне — а на самай справе ён там ёсць.
Але калі беларускія партызаны прыводзілі ў непрыдатнасць шафы СЦБ, як гэта было на перагоне "Астанкавічы — Жэрдзь", аўтаматыка паказвала фальшывую занятасць пуцей. Гэта значыць, машыніст думаў, што пуць заняты, што туды ехаць нельга — а на справе пуць быў вольны. Гэта проста запавольвала рух саставаў.
На аднаўленне ішло ад некалькіх гадзін да сутак, жыццям людзей, якіх перавозілі ў саставах, у гэтым выпадку нічога не пагражала.
Следчы камітэт так не лічыць. Сярод артыкулаў, якія прад'яўляюць светлагарчанам — "Акт тэрарызму, які пацягнуў цяжкія наступствы". З адкрытых крыніц мы ведаем толькі аднаго пацярпелага ў гэтай справе — рэлейную шафу.
"Я не ведаю, як яны растлумачаць, што знішчэнне шафы — гэта акт тэрарызму"
Усе трое затрыманых з адной сям'і. Еўрарадыё ўжо давала слова іх сваякам. Неўзабаве пасля гэтага гучнага затрымання беларускія парламентарыі пачалі працаваць над тым, каб дазволіць прымяненне смяротнага пакарання за "намер тэракту". А 18 траўня Аляксандр Лукашэнка ўжо падпісаў новы закон.
Блізкіх светлагарчан больш за ўсё турбуе гэта наватарства беларускіх заканатворцаў. Але закон не мае зваротнай сілы, калі пагаршае становішча абвінавачваных.
А Сяргей Вайцяховіч наогул не разумее, якімі нормамі закона плануе кіравацца пракурор, класіфікуючы знішчэнне рэлейнай шафы як акт тэрарызму.
— Я не ведаю, як яны будуць тлумачыць, што знішчэнне СЦБ — гэта акт тэрарызму. Знішчэнне СЦБ — гэта прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін.
Па беларускіх законах, калі шляхі зносін прывялі ў непрыдатнасць наўмысна, за гэта могуць даць максімум тры гады пазбаўлення волі.
Але ў гэтага артыкула беларускага КК ёсць і іншая частка. Калі шляхі зносін пашкодзілі, мяркуючы такім чынам здзейсніць тэракт, тэрміны ўжо іншыя — ад сямі да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Калі б было да законаў
Мы папрасілі юрыста НАУ Арцёма Праскаловіча ўявіць, што закон у Беларусі ўсё яшчэ працуе. І расказаць: у якіх выпадках суд, які абапіраецца на закон, трактаваў бы спаленую рэлейную шафу як "прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін", а ў якіх — як акт тэрарызму.
— У краіне, дзе існаваў бы незалежны суд, у людзей намагаліся б дазнацца, якой была іх непасрэдная мэта. Мы ведаем: у беларускіх партызанаў на мэце было спыненне цягнікоў. Яны хацелі зрабіць так, каб не перасоўвалася варожая тэхніка ў бок Украіны.
З той інфармацыі, якая ёсць у адкрытым доступе, вядома: усе чыгуначныя службы ведалі, што гэты чыгуначны ўчастак выводзіцца са строю. Але не з дапамогай закладзенай пад рэйкі міны. Непасрэднай шкоды цягніку праз спаленую рэлейную шафу прычыніць немагчыма.
Таму не варта верыць паказанням, якія людзі могуць даць пад ціскам праваахоўных органаў. Калі пачуеце падчас судовых паседжанняў завучаныя фразы з Крымінальнага кодэкса, памятайце, што жывыя людзі так не кажуць. "Я делал это для дестабилизации обстановки в стране" — такая фраза павінная выклікаць у вас падазрэнні. Але не пераймайцеся, хутчэй за ўсё, слоў абвінавачваных вы не пачуеце, бо судовае паседжанне наўрад ці зробяць адкрытым.
— Жывыя людзі кажуць так: "я гэта зрабіў, каб прыцягнуць увагу" ці "я гэта зрабіў, каб спыніць перасоўванне тэхнікі". У любым выпадку людзі, якія спалілі гэтую рэлейную шафу, не ставілі сабе за мэту тэракт.
Добра было б, каб на судзе прадэманстравалі, што спаленая рэлейная шафа ні пры якіх абставінах не магла прывесці да аварыі. Але надзея на гэта мінімальная.
Улічваючы, што на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся расійскія войскі, якія ўцягвалі Беларусь як дзяржаву ў суагрэсію супраць Украіны, дык, з пункту гледжання беларускай зняважанай Канстытуцыі, гэтыя людзі не здзяйснялі злачынства, а прадухілялі яго. Выконвалі свой грамадзянскі абавязак па спыненні на тэрыторыі Беларусі дзейнасці акупацыйных войскаў Расійскай Федэрацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.