Следчыя па справе партызанаў забыліся, што закон не мае зваротнай сілы. Нагадаем

Следчыя па справе партызанаў забыліся, што закон не мае зваротнай сілы. Нагадаем

Беларусам пагражаюць смяротным пакараннем, цалкам ігнаруючы Крымінальны кодэкс і забываючыся на некаторыя яго артыкулы.

Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч расказаў Еўрарадыё, чаму пагрозы следчых пра смяротнае пакаранне для светлагорскіх партызанаў не маюць юрыдычнай сілы.
 

“Гэта сведчыць пра ўзровень іх кваліфікацыі”

Хто яшчэ не пагражаў беларусам расстрэлам? Такіх дзяржорганаў становіцца ўсё меней. Усё пачалося з папярэджанняў МУС пра тое, што любыя дзеянні на чыгунцы будуць кваліфікаваныя як тэрарыстычны акт. Хоць МУС не меў паўнамоцтваў даваць кваліфікацыю дзеянням затрыманых.

— МУС — дазнаўца, яго прадстаўнікі могуць распачынаць крымінальную справу, збіраць доказы, каментаваць і выказваць свае думкі на конт справы. Але калі яны фармулююць іх так катэгарычна, гэта сведчыць пра ўзровень іх кваліфікацыі. І пра мэты — дзеля чаго яны так робяць. Як яны лічаць, яны кажуць гэта з мэтай прафілактыкі.

А гэта, у сваю чаргу, сведчыць пра тое, што для рэжыму гэта сур’ёзная тэма, балючая тэма. Таму адусюль і кажуць, што за няправільны позірк у бок чыгункі вам пагражае расстрэл. Такім чынам улады хочуць зрабіць усё, каб прадухіліць наступныя дзеянні на чыгунцы.

Следчыя па справе партызанаў забыліся, што закон не мае зваротнай сілы. Нагадаем
Чыгунка / pixabay

Цяпер Следчы камітэт, скончыўшы збор доказаў па справе “светлагорскіх партызанаў”, кажа, што ім пагражае смяротнае пакаранне. Следчы камітэт, робячы такія высновы, відавочна арыентуецца на закон, які дазволіў расстрэльваць беларусаў за “замах на акт тэрарызму”. Такі закон Аляксандр Лукашэнка падпісаў у траўні.

Але следчыя, відавочна, забыліся, што ў беларускім Крымінальным кодэксе ёсць яшчэ адзін артыкул. Ён павінен абараніць “партызанаў” ад смяротнага прысуду. Артыкул 9 Крымінальнага кодэкса кажа, што закон не мае зваротнай сілы ў выпадку, калі ён робіць горшым становішча абвінавачванай асобы.

— Усё, што было здзейснена да ўступлення ў сілу новага закона, не можа быць кваліфікавана з яго ўлікам. Нічога ў гэтай частцы Крымінальнага кодэкса не змянілі, нічога не змянілі ў Канстытуцыі. Але на практыцы пачынаецца вольнае трактаванне закона.
 

“Абмяркоўваць няма чаго. Гэта забойства”

Ведаючы, як развіваецца сітуацыя ў Беларусі, можна чакаць, што артыкул 9 Крымінальнага кодэкса проста скасуюць. І нададуць закону зваротную сілу, лічыць Праскаловіч.

— Але гэта абсалютна незаконна. Іншага нельга сказаць: такога не павінна існаваць. І не павінен існаваць сам гэты закон.

Улады могуць і не пераймацца, не нагружаць сябе прыняццем новых законаў і скасаваннем старых, нязручных, лічыць юрыст.

— Але яны да апошняга намагаюцца надаць усяму выгляд “нібыта законнасці”. Таму і прымаюцца такія дзікія нормы.

Я зыходжу з пазіцыі: не будзе ніводнага смяротнага прысуду па гэтым новым законе. Я кажу так, каб вы нават не схіляліся да думкі, якую нам спрабуе навязаць прапаганда, нібыта тут могуць быць нейкія прававыя падставы. Не. Гэта будзе забойства беларуса. Хто б што ні казаў. Якія б падставы ні шукаў у заканадаўстве.

Закон, які дазваляе расстрэльваць за замах на злачынства, проста не павінен існаваць, безапеляцыйна кажа Праскаловіч.

— Баланс Крымінальнага кодэкса ён парушае. За намер здзейсніць злачынства нельга пазбаўляць чалавека жыцця. Не было наступстваў, ніхто не загінуў, нічога не разбурана. Ведаючы, як паказанні пад катаваннямі і гвалтам выбіваюць з людзей, такія законы прымаць нельга. Бо тады любога чалавека можна нібыта “законна” расстраляць толькі за тое, што ён прызнаецца, маўляў, рыхтаваўся да здзяйснення тэракта.

Таму настойваю: не трэба спрабаваць разбіраць прававы склад гэтай сітуацыі. Бо яго ад пачатку не існуе. Мы размаўляем пра незаконны дакумент, прыняты нелегітымным органам, падпісаны нелегітымным прэзідэнтам.

Парушаныя ўсе законы: і логікі, і права. Гэта проста спроба прыкрыць заканадаўствам забойствы людзей. Любы такі прысуд і прывядзенне яго ў выкананне — гэта будзе проста забойства беларуса. Беспадстаўнае. Незаконнае. І ўсе датычныя — пачынаючы з Лукашэнкі і заканчваючы сакратаром судовага паседжання — саўдзельнікі забойства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі