Брат затрыманага па справе "рэйкавай вайны": цяжка думаць, куды могуць падвесці
Дзяніс Дзікун / фота з асабістага архіва брата Дзмітрыя
У пачатку сакавіка Дзмітрый Дзікун даведаўся, што ў Светлагорску, недалёка ад дамоў, дзе жывуць яго сваякі, прайшлі затрыманні. Адкрыў "Жоўтыя злівы" — там ужо апублікавалі "пакаяльнае відэа" яго брата — Дзяніса.
Дзяніс быў збіты. Яго вока заплыло. Калі Дзмітрый размаўляў з ім напярэдадні, на ім не было і драпіны.
Дзмітрый звязаўся з Еўрарадыё, каб расказаць нам пра свайго брата.
"Заўсёды быў на пазітыве, вельмі любіць спорт"
— У нас самая звычайная сям'я. Бацька — кіроўца. Мама — пенсіянерка, у яе інваліднасць. Брат Дзяніс заўсёды быў на пазітыве. Займаўся футболам. Вельмі любіць спорт. Стараўся да нечага імкнуцца. Я быў здзіўлены, што брата затрымалі. І што затрымалі так жорстка.
Я гаварыў з ім напярэдадні вечарам. Бачыў, што з ім усё ў парадку. На ім не было ніводнай драпіны. А на пакаяльным відэа былі выразна бачныя сляды збіцця. Я ведаю, што іх працягвалі збіваць і катаваць у РАУС.
У той дзень у Светлагорску затрымалі пяцярых. Усе яны з адной сям'і. Разам з Дзянісам затрымалі яго дзяўчыну Алісу і яе бацьку Алега Малчанава. Была затрыманая таксама сястра Дзяніса Дзікуна і яе муж — Дзмітрый і Наталля Равіч. Наталлю і Алісу пазней адпусцілі.
Затрыманых светлагорцаў падазраюць ва ўдзеле ў "рэйкавай вайне". У МУС лічаць, што ўвечары 28 лютага яны аблілі гаручай сумессю рэлейную шафу сігнальнай устаноўкі і падпалілі яе. Абсталяванне выгарала. На іх завялі крымінальную справу за ўчыненне акту тэрарызму.
Спаленая шафа небяспечная для жыцця пасажыраў?
Калі гэтую апаратуру выводзяць з ладу, то цягнік з рэек не сыдзе, але на рамонт можа спатрэбіцца некалькі гадзін. Або некалькі сутак.
Еўрарадыё раней пісала, што такое шафы ўпраўлення СЦБ. Калі такая шафа выгарае знутры, дыспетчар бачыць, што на ўчастку адбываецца нешта ненармальнае, і адпраўляе туды электрамеханіка. Той прыязджае, дакладвае абстаноўку, прыступае да рамонтных дзеянняў.
Рух у такім выпадку цалкам спыняецца да спецыяльнага распараджэння. Прапускная здольнасць рэжацца — ваенныя эшалоны рухаюцца ў бок Украіны павольней.
Адну з такіх шаф спалілі на перагоне Астанкавічы — Жэрдзь гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі. Гэты перагон — частка лініі, якую пабудавалі яшчэ ў час Першай сусветнай вайны. Яна мусіла стаць найкарацейшым шляхам для ваенных эшалонаў, якія ішлі ва Украіну.
"Я думаю, яны проста хацелі дапамагчы"
Дзмітрый з'ехаў з Беларусі ў 2021 годзе — ён быў актыўным удзельнікам пратэстаў. Яго брат Дзяніс, якога цяпер абвінавачваюць ва ўчыненні акта тэрарызму, на мітынгі не хадзіў.
Адвакат Дзяніса пад падпіскай аб неразгалошанні, ніякіх навін ён не прыносіць.
— Ведаю толькі, што ўмовы "больш-менш".
Сям'і патрэбная дапамога, каб пагасіць рахунак за матэрыяльную шкоду. Адваката для брата аплачвае сам Дзмітрый.
Калі б можна было напісаць ліст з-за мяжы і дакладна ведаць, што ён трапіць у рукі брата, Дзмітрый напісаў бы так:
"Дзяніс, прайшло тры месяцы. А мне ўсё яшчэ вельмі цяжка ўсё гэта ўспрыняць".
Цяжэй за ўсё ўспрыняць ініцыятыву беларускага парламента, які ўжо ў двух чытаннях прыняў папраўку аб увядзенні смяротнага пакарання за замах на ўчыненне тэракту. Упершыню з такой ініцыятывай парламентарыі выступілі, калі брат Дзмітрыя ўжо быў затрыманы.
— Цяжка ўсведамляць, што да гэтага могуць падвесці. Мы спадзяёмся, што гэтага не адбудзецца. Мы спадзяёмся на лепшае.
Я лічу, што яны ўсяго толькі хацелі дапамагчы Украіне. Я не буду каментаваць вайну. Усе мы разумеем, што гэта проста напад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.