"Рок за Баброў", Mirum, А-fest, "Камяніца", Vulica Brasil і ўік-энды ў Шаблях

"Рок за Баброў", Mirum, А-fest, "Камяніца", Vulica Brasil і ўік-энды ў Шаблях

Апошняя палова лета ў Беларусі літаральна забурліла оўпэн-эйрамі. Прычым некаторыя з іх у календары ўзнікаюць стыхійна.


30 ліпеня на аэрадроме Баравая адбудзецца, бадай, найбуйнейшы рок-фэст 2016 года — "Рок за Баброў". Яго лайн-ап уражвае імёнамі: 5'nizza, "Мумий тролль", "Воплі Відоплясова", "Браво", Noize MC, а таксама нашы "Без Білета", Akute, "Мутнаевока", NIZKIZ, The SuperBoyz.


Арганізатары плануюць задзейнічаць усю тэрыторыю фэсту, падзяліць яе на дзве зоны (Old School і New Wave) і размясціць фуд-корты.


Кошт квітка ўсяго 25 рублёў.

12-14 жніўня на лузе ля Мірскага замка традыцыйна размесціцца Mirum Music Festival. У першы дзень 12 жніўня выступяць беларускія гурты Bonehider, Vibe clus і Cherryvata, украінцы The Hardkiss і "Вагоновожатые", хэдлайнерам стане брытанская легенда эйсід-джазу Red Snapper.

На наступны дзень для наведвальнікаў Mirumа сыграюць мінчане Navi, "Мэджыкул" з Расіі, літоўцы Beissoul & Einius а таксама ўкраінскія зоркі Onuka. Як раней распавядаў Еўрарадыё арганізатар фестывалю Ягор Захарка, яны рыхтуюць вельмі шмат сюрпрызаў, сярод якіх арт-інсталяцыі з экспертамі ў гэтай галіне і адукацыйна-забаўляльная частка з удзелам спікераў. Апроч таго, будзе пашыраная тэрыторыя фэсту і ўлічаныя мінулагоднія памылкі, якія ўзнікалі з-за недасведчанасці. На фэст можна даехаць аўтобусамі з Мінска, Брэста і Гродна.


Дарэчы, у бліжэйшы час Ягор Захарка з'явіцца ў жывым эфіры Еўрарадыё, паразважае пра фестывальную культуру Беларусі і падзеліцца падрабязнасцямі наконт "Мірума".


Квіткі — ад 27 рублёў.

"Рок за Баброў", Mirum, А-fest, "Камяніца", Vulica Brasil і ўік-энды ў Шаблях
Фота: www.t-styl.info

13 жніўня ў мінскім Лошыцкім парку пройдзе цалкам новы А-fest. Хэдлайнерам "еўрапейскага фэсту хмелю, соладу і ежы" стануць латышы Brainstorm, кампанію ім складуць J:Морс і Navi.


Увогуле фестываль будзе прымеркаваны да Дня нараджэння графа Караля Чапскага, колішняга мінскага мэра, заснавальніка бровара "Аліварыя". Таму наведвальнікам прапануюць перанесціся ў атмасферу ХІХ стагоддзя і адчуць на сабе, як адпачывалі ў тыя часы: пасядзець за куфлем піва, пагуляць у кракет, петанк і гарадкі.


Апроч таго, чакаецца турнір па "Мазгабойні", дзе ўдзельнікі будуць адказваць на разнастайныя пытанні пра любімы напой Чапскага — піва. Будзе і "тэматычная" ежа: паведамляецца, што дранікі і бургеры мусяць пасябраваць з півам.


Уваход вольны. Пачатак у 12.00.

 

Хутар Шаблі запрашае наведвальнікаў з карысцю праводзіць уік-энды. Напрыклад, 14 жніўня туды прыедуць 18 лектараў, якія будуць разважаць на тэмы палітыкі, эканомікі, новых медыя, адукацыі і грамадскай супольнасці. Тыя, хто не захоча замарочвацца, могуць паглядзець кароткаметражкі, наведаць арт-кірмаш і пад'есці. Музычную падтрымку ўнік-энда забяспечаць Akute, "Один в каное" і Андрэй Сянькевіч.


А 26 жніўня ў Шаблях можна проста правесці выхадныя, шпацыруючы па ваколіцах і дыхаючы свежым паветрам. Увечары будуць паліць вогнішча, ля якога пад гітару заспявае Зміцер Вайцюшкевіч.


Заключыць дамову аб аказанні агратурыстычных паслуг і ўнесці аплату можна ў мінскім офісе хутара па адрасе ул. Калініна, 5 "Тэатральная каса".

 

"Рок за Баброў", Mirum, А-fest, "Камяніца", Vulica Brasil і ўік-энды ў Шаблях
Фота з сацыяльных сетак

За 20 км ад Мінска ёсць вёска Пярхурава. Але 20 жніўня яна мае ператварыцца ў планету Марс, на якой упершыню ў Беларусі пройдзе 10-гадзінны турнір па лазертагу пры падтрымцы TeamGame і фарбаў ад Color-Fest. Суправаджаць гэтае вар'яцтва будуць заслужаныя панкі Беларусі: Neuro Dubel, "Дай Дарогу!", "Без Паники", Ferris Wheel, AMAROKA і іншыя. Арганізатары абяцаюць шашлыкі.


Больш інфармацыі: https://vk.com/mars_rock_fest 

 

"Рок за Баброў", Mirum, А-fest, "Камяніца", Vulica Brasil і ўік-энды ў Шаблях
Фота з суполкі "Дай Дарогу!" вконтакте

10 верасня ў Азярцы пад Мінскам грымне штогадовы фолк-фестываль "Камяніца".

Першымі абвешчанымі артыстамі фэсту сталі энергічныя ўкраінскія фолк-рокеры "Тарута", культавы расійскі этна-трансавы калектыў "Оле-Лукойе", беларускі рок-гурт Re1ikt і добра вядомы аматарам класічнага беларускага фолку ансамбль "Ветах" на чале з Вечаславам Калацэям.

– Кожны год пры выбары артыстаў мы намагаемся спалучаць лепшых беларускіх фолк-выканаўцаў з якаснымі замежнымі, пажадана без досведу выступаў у Беларусі. У гэтым годзе баланс практычна ідэальны, але галоўныя імёны яшчэ наперадзе, – інтрыгуе каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец.

Таксама мы памятаем, што на тэрыторыі музея пад адкрытым небам, дзе праходзіць фэст, і апроч музыкі ёсць чым заняцца: танчыць пад бубны ды дуду, страляць з арбалета, біцца на мячах, маляваць, валяцца ў сене, закупіцца на кірмашы, дзе гандлююць рамеснікі.


Больш інфармацыі пра "Камяніцу" чакаем на днях.

 

"Рок за Баброў", Mirum, А-fest, "Камяніца", Vulica Brasil і ўік-энды ў Шаблях

25 жніўня ў Мінску стартуе знакаміты фэст гарадскога мастацтва Vulica Brasil. Цяпер арганізатары шукаюць валанцёраў, каб зрабіць яго найлепшым.


Натуральна, што ў Мінск прыбудзе дэсант бразільскіх вулічных мастакоў, якія разам з беларускімі стрыт-артарамі размалююць чарговыя сцены ў цэнтры горада. У межах фэсту на Дзень горада на вуліцы Кастрычніцкай зноў пройдзе вялікі фэст, які арганізатары пазіцыянуюць, як альтэрнатыву афіцыйнаму святу.

"Цяпер мы будзем не толькі маляваць на сценах, а ўцягваем у нашу кампанію ўрбаністаў, эколагаў і розных гарадскіх актывістаў, якія разам прыдумляюць класную і інавацыйную для Мінска канцэпцыю новага фэсту. Але мастацтва, арт — галоўнае на нашым фэсце, яны пранізваюць усе актыўнасці, якія будуць прадстаўленыя, — расказвае арганізатар Vulica Brasil Міла Котка. — Наша ідэя, каб тое, што мы робім, было бачна ўсім, а ўжо пасля асабістыя ініцыятывы пераносілі ўсё гэта з цэнтра ў свае раёны".

Працягнецца Vulica Brasil у Мінску да 17 верасня.

"Рок за Баброў", Mirum, А-fest, "Камяніца", Vulica Brasil і ўік-энды ў Шаблях

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі