Рыгор Барадулін:”Калі паміраеш — не адчуваеш смерці…”
Народны паэт Беларусі пасля трох тыдняў у рэанімацыі першае інтэрв’ю даў Еўрарадыё
Паведамленні пра тое, што народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін патрапіў 14 лютага ў рэанімацыю, моцна напалохалі ягоных прыхільнікаў. Нават сваё 75-годдзе паэт вымушана сустрэў на шпітальным ложку. Цяпер, калі з рэанімацыі Барадуліна перавялі ў аддзяленне тэрапіі, Еўрарадыё наведала дзядзьку Рыгора. Мы запыталіся, ці моцна напужаўся сам паэт, калі так прыхапіла здароўе.
Рыгор Барадулін: Не паспеў… Разумееце, калі паміраеш — не адчуваеш смерці. Проста, як вам сказаць, было нязручна, калі ты хворы. Але такога адчування, што ты развітваешся з жыццём — не было. Спадзяваўся, што выкараскаюся.
Першы тыдзень у рэанімацыі Рыгор Барадулін нават не падымаўся з ложка, меў моцную тэмпературу. Дыягназ — пнеўманія, ускладненая ацёкам лёгкіх — не самыя простыя для 75-гадовага чалавека. Першыя дні да Барадуліна не пускалі нават жонку. Даходзілі чуткі, што ён падключаны да апарату штучнага дыхання. Як было насамрэч?
Рыгор Барадулін: Большую частку часу я быў у свядомасці. Я зразумеў, што такое “перакрыць кісларод”, бо быў падлучаны да апарату з кіслародам — таму вельмі жыва ўявіў, што значыць гэты выраз, гэтая прыказка. Наогул, лепш быць здаровым, чым хворым. Але я не паспеў спалохацца. Мне цяпер прыйшлі такія радкі: “І страх не адкажа, чым пахне смерць…”. Вясёлыя такія радкі.
Лечкамісія — лякарня Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Ці добра тут паставіліся да народнага паэта, які не раз выказваўся негатыўна на адрас сённяшняй улады?
Рыгор Барадулін: Дужа добра, вялікі ім дзякуй! Калі б не яны — загнуўся б… Дужа даглядалі, апекаваліся, проста ім вялікі дзякуй!
24 лютага, калі споўнілася 75, Барадулін усё яшчэ знаходзіўся ў рэанімацыі. Яму нельга было перадаваць нават кветкі, бо ў рэанімацыі падтрымліваецца стэрыльнасць. Ці дайшлі нейкія віншаванні за шпітальныя сцены?
Рыгор Барадулін: Віншаванні ішлі на хату. Многа ад сяброў, з-за мяжы ў тым ліку. Павіншаваў міністр культуры, міністр замежных справаў, Ушацкі райвыканкам. Раней яны рабілі выгляд, што мяне няма, а тут нешта змянілася… Сяброў многа віншавала. Выпішуся — буду глядзець канкрэтна.
Апроч сяброў і знаёмых, Рыгора Барадуліна павіншавала і Ірына Абельская, галоўная лекарка лечкамісіі. Ёйны букет — адзіныя кветкі, якія патрапілі да паэта ў дзень юбілею.
Рыгор Барадулін: Так, павіншавала з кветкамі — сямнаццаць руж. Пажадала здароўя, дзякуй ёй. Дзякуючы ёй, канешне, быў надзвычай добры дагляд. З яе лёгкай рукі дужа клапаціліся пра мяне — яшчэ раз ёй дзякую.
Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі, ідзе на папраўку — пасля трох тыдняў у рэанімацыі. Дзядзька Рыгор пачуваецца лепш, лекары мяркуюць праз тыдзень выпісаць паэта дадому.
Рыгор Барадулін, лечкамісія, 7 сакавіка 2010 года
Жонка Валянціна Міхайлаўна прыносіць дзядзьку Рыгору тэлефон паразмаўляць з сябрамі, а пасля забірае мабільнік, каб не дапякалі шматлікія прыхільнікі: паэту пакуль што трэба знаходзіцца ў спакоі...