Рымашэўскі: Прапанова ад Мінгарвыканкама пра канцэрт у гонар БНР нефармальная

Рымашэўскі: Прапанова ад Мінгарвыканкама пра канцэрт у гонар БНР нефармальная

Беларускім дэмакратычным сілам паступіла прапанова ад Мінгарвыканкама: замест святочнага шэсця, прымеркаванага да стагоддзя БНР, зладзіць мітынг і канцэрт ля Опернага тэатра. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў лідар хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі:


"Мінгарвыканкам прапануе арганізатарам святкавання стагоддзя БНР абмежавацца мітынгам і святочным канцэртам 25 сакавіка. Улады прапаноўваюць аргкамітэту падаць новую заяўку з просьбай дазволіць правядзенне мітынгу і канцэрта ў парку імя Янкі Купалы. Першапачаткова заяўка пададзеная па маршруце плошча Якуба Коласа — Плошча Свабоды. Якія вашы меркаванні, сябры? Ці варта пагаджацца на прапановы Мінгарвыканкама?"


У размове з Еўрарадыё Рымашэўскі падкрэслівае, што кантакт арганізатараў і ўлады мае вусны і нефармальны характар.


"Была размова з адным з арганізатараў акцыі, а таксама з замежнымі партнёрамі, якім беларускія ўлады гэта перадалі, — тлумачыць Віталь Рымашэўскі. — Мы прасілі міжнародных партнёраў аб тым, каб яны паспрыялі мірнай акцыі 25 сакавіка, каб не было брутальнага разгону, як гэта было летась. Мы мяркуем, што патрэбнае кансалідаванае рашэнне".


На думку Рымашэўскага, шэсце з нагоды такой урачыстай даты больш бы адпавядала фармату мерапрыемства, з іншага боку, мае месца недавер уладам: ці можна верыць абяцанням чыноўнікаў, нават калі яны агучаныя заходнім партнёрам? 


"Апошнія восем гадоў мы даказвалі, што калі ўлады не чыняць перашкод, калі яны не душаць дэманстрантаў і не ўчыняюць правакацыі, то ўсе шэсці праходзяць мірна. Да таго ж, няма ніякіх пісьмовых адказаў. Калі ж выканкам выканае свае абяцанні, то прапанаваны імі фармат мае таксама вялікі плюс. Я лічу, што свята 25 сакавіка мусіць быць дзяржаўным, і што заяўленая намі акцыя носіць менавіта святочны характар", — працягвае Рымашэўскі


Рашэнне аб тым, ці пагаджацца на прапанову беларускіх чыноўнікаў, будзе прынятае цягам тыдня ўсімі ўдзельнікамі аргкамітэта святкавання стагоддзя БНР, які ўзначальвае мастак Мікола Купава.

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі