Са дня тэракту ў мінскім метро прайшло восем гадоў
11 красавіка 2011 года медыкі дапамагаюць пацярпеламу ад выбуху
11 красавіка — гадавіна тэракта ў мінскім метро. Восем гадоў таму, у 17:56 на станцыі "Кастрычніцкая" прагрымеў выбух. Быў час пік, з боку "Уручча" да станцыі падышоў перапоўнены цягнік. У гэты момант спрацавала выбуховае прыстасаванне, пакінутае ў спартовай торбе пад адной з лавачак.
На месцы выбуху загінула 12 чалавек, яшчэ трое памерлі ў шпіталях ў першыя дні пасля тэракту. Жыцці яшчэ некалькіх мінчукоў (у іх ліку наш калега, супрацоўнік "Вечернего Минска" Мікалай Ільюшэнка) абарваліся з-за траўмаў, атрыманых у выніку выбуху на "Кастрычніцкай".
Пацярпелымі ад выбуху прызнаныя 314 чалавек. Усім ім дзяржава аплачвала лячэнне і дапамагала з рэабілітацыяй.
Падазраваных у арганізацыі і здзяйсненні тэракту затрымалі на наступны дзень. Пяцёх маладых людзей "узялі" на здымнай кватэры ў доме па вуліцы Караля ў Мінску. Пра іх арышт паведамілі праз два дні, 14 траўня — гэтую інфармацыю агучыў Андрэй Швед, у той час — намеснік генеральнага пракурора Беларусі. Пазней траіх падазраваных адпусцілі і пад вартай засталіся толькі двое фігурантаў справы — жыхары Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Ім і прад'явілі абвінавачанне ў арганізацыі тэракту.
Суд па гэтай справе працягваўся з верасня па лістапад 2011 года і быў неадназначна ўспрыняты ў грамадстве. У некаторых удзельнікаў працэсу ён пакінуў шмат пытанняў і не даў чаканых адказаў. Але, нягледзячы на розныя неадпаведнасці і прыведзеныя адвакатамі довады, абодвух абвінавачаных прысудзілі да расстрэлу.