СААЗ выступіла супраць пашпартоў вакцынацыі для падарожнікаў
Генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Аданам Гебрэйесус / Reuters
Сусветная Арганізацыя Аховы здароўя (СААЗ) на дадзены момант выступае супраць пашпартоў вакцынацыі ў якасці ўмоў для падарожжаў.
"Мы не хочам, каб пашпарты вакцынацыі выкарыстоўваліся ў якасці ўмоў для падарожжаў", — заявіў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар СААЗ Тэдрас Аданам Гебрэйесус. Яго цытуе ТАСС.
Сваю пазіцыю кіраўнік СААЗ патлумачыў тым, што ў цяперашні час вакцынацыя ў свеце ідзе нераўнамерна. А, значыць, такія пашпарты могуць стаць "інструментам для дыскрымінацыі". У свеце цяпер выкарыстана каля 6 мільярдаў вакцын, але толькі 2% з гэтай колькасці прыпадае на Афрыку
Аднак калі ахоп вакцынацыі вырасце, то да гэтага пытання можна будзе вярнуцца, мяркуе Гебрэйесус. Так ці інакш у цяперашні час СААЗ дапамагае розным краінам распрацоўваць пашпарты, каб стварыць аднастайную сістэму, якая прызнаецца ўсімі.
Некалькі дзясяткаў краін ўжо здолелі вакцынаваць больш за палову насельніцтва. У Беларусі першую дозу вакцыны атрымалі больш за 17% насельніцтва краіны, цалкам вакцынаваныя — каля 15%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.