Сабаленка прайграла Бачынскі, у матчы Беларусь — Швейцарыя лік 1:1
У паўфінале Сусветнай групы Кубка федэрацыі Беларусь — Швейцарыя, які праходзіць на мінскай “Чыжоўка-Арэне”, па выніках суботы лік 1:1. Сёння адбыліся два адзіночныя паядынкі. Спачатку Аляксандра Сасновіч у супернапружанай гульні выйграла ў больш рэйтынгавай Вікторыі Галубіч — 6:3, 5:7, 7:5. Яшчэ больш сур’ёзная саперніца дасталася Арыне Сабаленка (125-е месца ў рэйтынгу WTA) — Цімея Бачынскі (22-е месца ў рэйтынгу). Тым не менш, беларуска годна супраціўлялася і магла выйграць другі сэт, але не хапіла вопыту і вытрымкі ў важных эпізодах. У выніку Бачынскі перамагла — 6:4, 7:5.
Матч Беларусь — Швейцарыя працягнецца ў нядзелю. Пройдуць адзіночныя паядынкі Аляксандры Сасновіч і Цімеа Бачынскі, Арыны Сабаленкі і Вікторыі Галубіч. У парнай сустрэчы згуляюць Вольга Гаварцова / Вера Лапко — Марціна Хінгіс / Белінда Бенчыч.