Сакрэтныя дакументы ЦРУ: Цэны на рынку ў Слоніме і савецкія анекдоты
Вельмі нечакана было знайсці ў сакрэтных дакументах ЦРУ аэраздымак 1950-х гадоў вёскі Следзюкі, дзе ты летась шмат разоў мыўся ў лазні. Амерыканская разведка працягвае публікаваць дакументы, якія яшчэ некалькі тыдняў таму захоўваліся пад грыфам "secret" і "top secret". Якую інфармацыю шпіёны перадавалі з Беларусі і Савецкага Саюза?
У архівах дакументаў са згадкамі нашай краіны вельмі шмат. Самыя папулярныя — гэта здымкі вайсковых баз, аэрадромаў і казарм, а таксама падрабязныя зводкі надвор’я. Надвор’е ў ЦРУ павінныя былі ведаць, бо рабілі аблёты і здымкі з паветра.
Рассакрэчаныя дакументы апублікаваныя з мноствам купюр. На дакладзе са Слоніма нельга пабачыць імя агента і некаторую іншую інфармацыю, але можна даведацца, якія былі цэны на кірмашы ў 1954 годзе і заробак дырэктара птушкафабрыкі. Цікава, кім жа працаваў агент ЦРУ, калі ведаў заробак дырэктара?
Заробак дырэктара — 700 рублёў
Брыгадзіра — 450 рублёў
Вартаўніка — 260 рублёў
За свой заробак дырэктар мог набыць 20 кг свініны, якая на кірмашы каштавала 35 рублёў за кілаграм. Ялавічына каштавала 15-30 рублёў за кг, цукар — 10,5 рублёў, сыр — 36 рублёў.
Амерыканскія шпіёны хадзілі не толькі на кірмашы ў Слоніме. У архівах знаходзім падборку фотаздымкаў з пастановак савецкіх тэатраў, у тым ліку мінскага Купалаўскага тэатра — "Рамэа і Джульета".
Пад грыфам "top secret" апублікаваны аэрафотаздымак двух вайсковых аб’ектаў у цэнтры Мінска.
Таксама здымак вайсковай тэрыторыі Калініна за 10 км на усход ад Мінска. Тады гэта было сакрэтным дакументам, сёння на інтэрнэт-мапах якасць у разы лепшая.
А вось яшчэ цікавы сакрэтны дакумент з пералікам усіх мясакамбінатаў Беларусі разам колькасцю супрацоўнікаў і прадукцыі, якую выпускалі штодзень у 1957 годзе.
Магілёўскі мясакамбінат меў 300 супрацоўнікаў і штодзень вырабляў 150 тон прадукцыі, адна пятая частка — каўбаса.
А гэта прыклады нямецкай ваеннай антысавецкай прапаганды.
Яшчэ для намесніка дырэктара ЦРУ рабіла падборку савецкіх анекдотаў.
***
Рабочы стаіць у чарзе па алкаголь і кажа: "Досыць, патрымай маё месца, пайду застрэлю Гарбачова". Праз 2 гадзіны ён вяртаецца заняць сваё месца ў чарзе. Яго сябар пытаецца: "Ну як? Ты дастаў яго?" "Не, там чарга яшчэ даўжэйшая".
***
Якая розніца паміж Гарбачовым і Дубчыкам? Ніякай, але Гарбачоў пра гэта яшчэ не ведае.
***
Жарт, пачуты ў Архангельску. Нехта патэлефанаваў у галоўнае ўпраўленне КДБ пасля буйнога пажару. "Мы не можам нічога зрабіць. КДБ толькі што згарэў ушчэнт", — адказалі там. Праз 5 хвілін чалавек ператэлефанаваў і яму зноў сказалі, што КДБ згарэў. Калі ён патэлефанаваў трэці раз, аператар пазнаў яго голас і спытаў: "Чаму вы працягваеце тэлефанаваць? Я ж толькі што вам сказаў, што КДБ згарэў". — "Я ведаю, — кажа мужчына. — Мне проста падабаецца гэта слухаць".
***
Амерыканец кажа рускаму, што ў ЗША настолькі свабодна, што ён можа стаць насупраць Белага дома і закрычаць: "У пекла Рональда Рэйгана". Рускі адказвае: "Гэта што! Я магу стаць насупраць Крамля і таксама закрычаць: "У пекла Рональда Рэйгана".
***
Мужчына прыйшоў у краму і пытаецца: "У вас зусім няма мяса?" — "Не, — кажа прадаўшчыца. — У нас зусім няма рыбы. Гэта ў краме праз дарогу няма мяса".