Салігорскі "Шахцёр" выйшаў у другі раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы

Салігорскі "Шахцёр" выйшаў у другі раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы

Салігорскі "Шахцёр" выйшаў у 2-гі раўнд кваліфікацыі футбольнай Лігі Еўропы. У чацвер, 7 ліпеня, на сваім полі гарнякі лёгка перамаглі "Рунавік" з Фарэрскіх астравоў — 5:0. Ігар Бурко адкрыў лік на 20-й хвіліне, Сяргей Рудыка вызначыўся на 42-й пасля выдатнай перадачы Аляксандра Юрэвіча. Міхаіл Шыбун на 81-й рэалізуе пенальці, Яўген Елізаранка вызначаецца на 86-й, а Аляксей Янушкевіч на 90-й хвіліне паставіў пераможную кропку. Нагадаем, у гасцях "Шахцёр" выйграў з лікам 2:0. У наступным раўндзе салігорцы згуляюць з "Дамжале" (Славенія).

Як паведамляла Еўрарадыё, у другі раўнд кваліфікацыі Лігі Еўропы выйшла і мінскае "Дынама". Пасля хатняй перамогі над юрмальскім "Спартаком" (2:1), дынамаўцы святкавалі вікторыю і ў гасцях (2:0). Наступным сапернікам мінскага "Дынама" будзе ірландскі "Сэнт-Патрык" (першы матч — 14 ліпеня на сваім полі).

Уладальнік Кубка Беларусі жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" стартуе ў Лізе Еўропы з 2-га раўнда кваліфікацыі, дзе сустрэнецца з венгерскім "Дэбрэцэнам" (першы матч — 14 ліпеня ў гасцях).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі