Самы гарачы дзень, сорак забітых мядзведзяў і магільня алкаголю — #ІхНоравы
Замежныя навіны
Навукоўцы знайшлі ў кітайскай магільні старажытны алкаголь і дадумаліся яго пакаштаваць. Дэгустатары жывыя — як і пілот самалёта, што пацярпеў крушэнне ў Непале.
Пра тое, які дзень прызнаны самым гарачым у свеце, і чаму ў Славакіі адстрэльваюць мядзведзяў, чытайце ў нашай традыцыйнай рубрыцы "Іх норавы".
Самы гарачы дзень у свеце
Самым гарачым днём у свеце за ўсю гісторыю назіранняў стала нядзеля, 21 ліпеня. Пра гэта паведамляюць у службе па змяненні клімату "Капернік", дзе прааналізавалі звесткі за перыяд з 1940 года.
Вельмі стары алкаголь
Падчас раскопак у магільні дынастыі Цынь у Кітаі навукоўцы знайшлі бронзавую бутлю з алкагольным ферментаваным напоем. Яго ўзрост — 2300 гадоў. Двое даследчыкаў наважыліся пакаштаваць і падзяліліся ўражаннямі: бясколерная вадкасць нічым не пахне і мае металічны прысмак.
Паводле навукоўцаў, напой падобны да сучаснага "жоўтага піва" — хуанцзю. Напой гатуюць з рысу, проса і пшаніцы. Пры гэтым у яго старажытнай версіі прысутнічаюць бабовыя і ячмень. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што людзі больш за 2000 гадоў таму ведалі пра спосаб гатавання алкаголю з выкарыстаннем закваскі.
Адстрэл мядзведзяў у Славакіі
З пачатку года ў Славакіі застрэлілі больш за 40 мядзведзяў. Пра гэта расказваюць спецыялісты Дзяржаўнай службы прыродааховы.
Пасля шэрагу гісторый, звязаных з нападамі драпежнікаў, парламент спрасціў правілы адстрэлу мядзведзяў. Цяпер пры пагрозе жыцця людзей ці іх маёмасці паляўнічыя могуць умяшацца ў сітуацыю, як толькі іх папросяць пра гэта рэгіянальныя ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.