Саўладальнік рэстарана ў Курапатах: гаворка пра закрыццё "Поедем поедим" не ідзе
20 ліпеня саўладальнік забаўляльнага комплексу "Поедем поедим" у Курапатах Леанід Зайдэс заявіў, што гаворка пра закрыццё рэстарана не ідзе.
"Гэта бізнэс, у які інвеставаны немалыя сродкі. Гэта 80 працоўных месцаў. Гэта адзін з нешматлікіх рэстаранаў на кальцавой дарозе", — аргументаваў сваю пазіцыю Зайдес.
Бізнесмен дадаў, што, нягледзячы на наяўнасць гасцявых домікаў і лазні, ён лічыць "Поедем поедим" рэстаранам для сямейнага адпачынку, а не забаўляльным комплексам, як яго называюць у СМІ.
"Мы гатовыя ўзяць на сябе пэўныя абавязкі, — працягнуў Леанід Зайдэс. — На адкрытай тэрыторыі не будзе гучнай жывой музыкі і не будзе забаўляльных праграм. Толькі спартовыя трансляцыі. Мы не будзем праводзіць гучных мерапрыемстваў тыпу фестываляў, не будзе феерверкаў. Гэта я магу гарантаваць з боку ўсіх саўладальнікаў".