СБУ: у Іспаніі затрыманы блогер з Украіны Анатоль Шарый
У Іспаніі затрыманы блогер з Украіны Анатоль Шарый. На радзіме яго падазраюць у дзяржаўнай здрадзе, паведаміла Служба бяспекі Украіны.
Іспанскія праваахоўнікі затрымалі Шарыя 4 траўня. Кіеў у апошнія гады неаднаразова дамагаўся ад уладаў Іспаніі выдачы блогера. Аднак справа зрушылася толькі пасля пачатку вайны ва Украіне. СБУ адзначае, што затрыманне стала магчымым дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з "міжнароднымі партнёрамі і ў выніку шматузроўневай спецаперацыі ўкраінскіх праваахоўнікаў".
Ва Украіне Анатоля Шарыя называюць "здраднікам" і "прарасійскім блогерам", падазраюць у "падрыўной дзейнасці супраць Украіны". У яго часта бралі каментары і расійскія, і беларускія прапагандысты.
YouTube-канал Шарыя мае амаль 3 млн падпісчыкаў. Ён падтрымліваў на прэзідэнцкіх выбарах Уладзіміра Зяленскага, але пасля стаў яго жорстка крытыкаваць.
Пазней іспанская газета El Diario са спасылкай на крыніцы ў паліцыі пацвердзіла затрыманне Анатоля Шарыя ў іспанскай Тарагоне па "міжнародным ордэры".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.