S°unduk "Наше время"

Мнагастаночніца Аня Хітрык за рулём S°unduk'а працягвае метадычна выдаваць у год па новым альбоме. Працягам першага і другога "Тамоў" гурта становіцца лонгплэй "Наше время". Ён з'яўляецца дзякуючы фінансавай падтрымцы фэнаў.

Сама Хітрык кажа, што на альбоме — "светлая музыка, якая нагадвае тое, што гурт ужо рабіў". Але ёсць тут і свежыя павевы, якія з'явіліся ў каманды разам з новым гітарыстам Ягорам Дзыгуном. І, самае прыемнае, яны вельмі пасуюць "Сундуку" і робяць яго светлую музыку яшчэ больш лёгкай, празрыстай, простай і мілай. І нечым падобнай да фанкавай Земфіры.

Праўда, "земфірнасць" "Нашего времени" мяжуецца з класічным "Сундуком", карані якога не складана адшукаць у гурце "Дзецідзяцей". Тут узнікаюць характэрныя для Хітрык "тэатральныя" "Выше", "Шагаю", эксперыментальна-рэгешная "Дворники" і фартэпіянна-рамансная "Ты". Аднак сутнасць "Сундука" пры гэтым не змяняецца: дабрыня — яна побач, каханне — тут і цяпер, нават калі ад яго бывае балюча. І зіма. Яна цяпер — белая і жаданая сядзіць на валізах ля пад'езду і саромеецца ўвайсці.

Время "Сундука" — яно нібыта спынілася на сонечным востраве, дзе, натуральна, здараюцца, мусоны і нават ураганы. Але тут няма хмарачосаў і халодных жалюзі на вокнах. Усход сонца па-ранейшаму сустракаецца праз фіранкі ў клетачку. А кава падаецца ў класічных філіжанках з залатым абадком.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі