Сенат Чэхіі прызнаў КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм
У Чэхіі занепакоеныя рэпрэсіямі ў Беларусі / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
15 лютага Сенат Чэхіі прызнаў КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм. Ён рэкамендуе ўраду прыняць адпаведнае рашэнне і накласці санкцыі на супрацоўнікаў згаданых карных структур РБ. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка.
За рэзалюцыю аб рэпрэсіях з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць грамадзянскай супольнасці прагаласавалі 39 з 41 сенатара. У ёй канстатуецца, што "КДБ і ГУБАЗіК выкарыстоўваюцца рэжымам для пераследу апазіцыі і запалохвання грамадзянскай супольнасці Беларусі". Згаданыя арганізацыі "здзейснілі акт дзяржаўнага тэрарызму і напады на дэмакратыю, свабоду слова і еўрапейскі суверэнітэт, пасадзіўшы самалёт авіякампаніі "Ryanair" і затрымаўшы Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу".
Сенат Чэхіі нагадвае пра саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і рэпрэсіі супраць беларусаў, якія нязгодныя з гэтым. У рэзалюцыі згадваюцца беларускія палітвязні, абыходжанне з некаторымі з іх, "як з тэрарыстамі".
"Да абвяшчэння выканаўчай уладай Чэхіі згаданых карных структураў Лукашэнкі тэрарыстычнымі засталося зрабіць адзін крок, — піша Латушка. — Гэта важная падзея для ўсіх нас, якая была б немагчымай без планамернай працы юрыстаў і дыпламатаў прадстаўніцтва Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення".
У снежні 2022-га аналагічную рэзалюцыю па Беларусі і заклік прызнаць КДБ, ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі прыняў Сейм Літвы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.