Шандаровіч: Чым бліжэй да гвінейскіх тэрмінаў, тым больш вы падобныя на Гвінею
Публіцыст, стваральнік праграмы “Куклы” Віктар Шандаровіч упершыню прыехаў у Беларусь за 16 гадоў. Яму нарэшце выдалі “гастрольку”. Гэты выступ адбудзецца 25 траўня ў канцэртнай зале “Мінск”. Напярэдадні выступу Віктар Шандаровіч ў жывым эфіры Еўрарадыё расказвае, што звязвае яго з Беларуссю, чаму аўтарытарныя рэжымы доўга стаяць, але хутка руйнуюцца, хто можа змяніць дыктатара і ці плануе адрадзіць праграму “Куклы”
Пра “падатак на дармаедства”
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да таго, што ў нас увялі падатак з беспрацоўных, можа, у Расіі могуць такое ж зрабіць?
Віктар Шандаровіч: Тут няма нічога новага. У Савецкім Саюзе самым вядомым “дармаедам” быў Іосіф Бродскі, яго за гэта судзілі. Можна любой краіне пажадаць такіх “дармаедаў”. У сучасным свеце гэта гучыць вельмі дзіўна. Ёсць вольны чалавек, які зарабляе сабе сваёй працай і талентам. Калі чалавек хоча ўваходзіць у адносіны з дзяржавай, ён у іх уваходзіць. Гэта яго асабістая справа.
Пра беларускія карані
Еўрарадыё: Калі не памыляюся, паходжаннем вы звязаныя з Беларуссю?
Віктар Шандаровіч: Так, карані мае ў Беларусі — продкі жылі ў Чавусах, Магілёве, Мазыры і Бабруйску. Але прозвішча маё пайшло не з Чавусаў — там нарадзіўся мой дзед Яўсей Самуілавіч Дазорцаў, дзядуля па маці, які загінуў у 1941 годзе пад Ленінградам. Акурат у адзін з апошніх прыездаў у Беларусь мае прыяцелі правезлі мяне па гэтых месцах. У большай частцы з іх нічога не нагадвае пра габрэйскае мінулае. У Гарадзішчы, вёсцы, адкуль мой дзед па бацькоўскай лініі, габрэйскае мястэчка, — там яшчэ да Гітлера было вырашанае габрэйскае пытанне. У 1929 годзе на месцы габрэйскіх могілак было артылерыйскае стрэльбішча. Ніякіх прыкмет не засталося. Горка і павучальна, як ідзе час. Таму я называю Беларусь сваёй гістарычнай радзімай, бо Ізраіль далёка і па часе, і па адлегласці, а Беларусь — побач
Пра чысціню і добрыя дарогі
Еўрарадыё: Госці з Расіі, госці з Украіны кажуць, што ў нас чысціня і добрыя дарогі. Гэта прыкмета правільнага курсу?
Віктар Шандаровіч: Чысціня і добрыя дарогі — гэта добра. Іншае пытанне: ці трэба для добрых дарог аўтарытарная ўлада? Сучасная Еўропа паказвае, што не. Могуць быць і добрыя дарогі, і ўлада, якую можна абіраць. Прыгожы чысты Мінск — выдатна. Але апроч гэтага ёсць іншыя важныя маркёры жыцця людзей. Свабода лепш, чым несвабода. Аўтарытарныя рэжымы доўга стаяць, але руйнуюцца вельмі рэзка. Яны самыя нестабільныя. У Лукашэнкі аўтарытарызм адкрыты. А ў нас Пуцін хаваецца за ліберальную лексіку, за фармальнасці. Раней мяне ў Беларусь не пускалі. Не давалі “гастрольку”. Сёлета далі. Гэта такі адкрыты аўтарытарызм. У Расіі прагрэсіўныя законы, але яны не маюць ніякага дачынення да рэальнасці. Тут падступны аўтарытарызм. У Расіі я не магу выступіць, хаця няма ніякіх пракатных пасведчанняў. Проста на пляцоўках нешта ламаецца. Прарываюцца трубы і іншае.
Еўрарадыё: У нас так з музыкамі. Там таксама трубы рвуцца перад канцэртам…
Віктар Шандаровіч: Гэта ўжо пуцінскія метады. Краіны, дзе не мяняюцца лідары, — гэта краіны трэцяга свету. Там няма развіцця. А свет ідзе наперад. Сёння перамагае не той, хто захопіць новыя тэрыторыі. Перамагае тая краіна, якая лепш за ўсё рэагуе на выклікі часу. Таму ЗША наперадзе свету. Бо ў іх ёсць “Сіліконавая даліна”, а не таму, што ў іх ёсць Пентагон. Перамагаюць тыя, хто заваблівае да сябе “мазгі”. А “мазгі” працуюць на свабодзе, а не ў казарме. Можна радавацца стабільнасці, але трэба разумець, што плаціць за гэта будзе наступнае пакаленне.
Пра замену Лукашэнку
Еўрарадыё: Пытанне ад слухачоў. А хто можа замяніць на пасадзе Аляксандра Лукашэнку з сённяшняй апазіцыі, на вашую думку?
Віктар Шандаровіч: Я гэта чую і ў Расіі. Але я скажу азбучныя рэчы. Правілы гульні важнейшыя за вынікі. Патрэбныя выбары. Сапраўдныя, справядлівыя выбары. Хто іх выйграе, той і будзе прэзідэнтам на пэўны тэрмін. Пасля яго пераабяруць. У дэмакратыі закладзены механізм удасканальвання, у дэмакратыі памылкі не смяротныя. Мы абралі вас менеджарам, паглядзелі, як вы працуеце, напрыклад, вы дрэнна працуеце. Ёсць іншы, які мусіць улічваць вашы памылкі, бо цісне грамадства, патрабуе чагосьці. Бессэнсоўна пытацца: “Хто наступны?” Той, хто выйграе справядлівыя выбары без АМАПа, без фальсіфікацый. Як толькі ён пераможа, на яго трэба працягваць ціснуць. Калі ён дрэнны адміністратар, значыць, яго больш не абяруць. Сёння ў Трампа абсалютны мінімум рэйтынгу. Так трэба, у кіраўніка дзяржавы мусіць быць маленькі рэйтынг, бо ён робіць памылкі. Ты мусіш пацвердзіць сваю кваліфікацыю, калі не можаш — да пабачэння! Галоўнае, каб механізм працаваў, каб не мяняць аднаго цара на іншага.
Пра блогінг і Youtube
Еўрарадыё: Ці не плануеце вы зноў запусціць “Куклы” праз Youtube ці стаць відэаблогерам?
Віктар Шандаровіч: Нельга два разы ўвайсці ў адну рэчку. “Куклы” — гэта быў складаны тэхналагічны працэс. Мне не 30 з невялікім, а пад 60. А гэтая рэч патрабуе бадзёрасці і ўсяго жыцця. Што да канала на Youtube — гэта магчыма. Але гэта вялікая адказнасць, я мушу кожны дзень даваць нейкі новы кантэнт. Я ж найперш пісьменнік і я хачу пісаць, мне гэта цікава.
Пра Пуціна і страх Беларусі перад Расіяй
Еўрарадыё: Ці заўважылі вы, што беларусы больш пачалі баяцца Расіі праз падзеі на Данбасе? І, можа, самі расіяне пачалі ставіцца да нас па-іншаму, глядзяць як на чарговую мэту?
Віктар Шандаровіч: Пабойваюцца, і небеспадстаўна. З 2014 года Расія вядзе сябе як імперыя. Гэта слабеючая, але яшчэ небяспечная імперыя. На шчасце, расіяне мала згадваюць пра існаванне Беларусі. Гэта таму, што прапаганда не навяла на рэзкасць гэтую тэму. Калі пуцінская адміністрацыя для чарговага піяр-узлёту будзе шукаць новага ворага і выбар падзе на Беларусь, то ў дзве секунды пасля вялізнага прапагандысцкага ўдару вы зробіцеся ворагам Расіі.
Расія знайшла вялікую колькасць ворагаў для свайго існавання. У мірны час Пуцін — лузер. Калі расіяне выйдуць са стану ваеннай істэрыкі, яны ўбачаць, што за Пуціным усё дэградуе. Каб яны не навялі вочы на рэзкасць, іх трэба трымаць у стане пастаяннай вайны. Бо ў ваенны час Пуцін — нацыянальны лідар. Бо не да эканомікі, вакол ворагі, усе абклалі, усе супраць нас, мы апошнія спадкаемцы “духоўнасці”. Гэта ваенная істэрыка, разлічаная на ідыётаў. У такім каляваенным становішчы Пуцін можа заставацца нацыянальным лідарам.
Еўрарадыё: Слухаю вас і думаю: “Такі цікавы чалавек Віктар Шандаровіч — і на свабодзе!”.
Віктар Шандаровіч: У коле маіх сяброў беларускіх нехта сказаў. “Добра, што цябе пусцілі, паглядзім, ці выпусцяць”.
Пра аўтарытарызм
Еўрарадыё: Што рабіць беларусам у такой сітуацыі аўтарытарызму?
Віктар Шандаровіч: Я не такі нахабны, каб даваць парады нацыям. Беларусы розныя. Што рабіць Лукашэнку — гэта адно пытанне, вам — іншае. Проста трэба разумець рэальнасць. І тым, хто за Лукашэнку, і тым хто хоча цярпець, і тым, хто не хоча. Трэба даваць сабе справаздачу і ў плаце за выхад на вуліцы, і ў плаце за нявыхад. Бо плата за небарацьбу таксама будзе, проста яе раздзеляць дзеці і ўнукі.
Еўрарадыё: І колькі гэта працягнецца? 23 гады — гэта адносна малады рэжым, вы казалі?
Віктар Шандаровіч: Я не скажу, калі Стралец увойдзе ў дом Цяльца. Але чым больш вы будзеце набліжацца да гвінейскіх тэрмінаў аднаўладдзя, тым больш вы будзеце станавіцца Гвінеяй. І мы таксама. Калі мы не хочам у Гвінею, то кожны нешта па сваім разуменні робіць.