"Шмат эмоцый і абвінавачванняў": як беларусам і ўкраінцам не даць сябе пасварыць
Украінцам і беларусам трэба арыентавацца не на меркаванне "істэрыкаў і карысных ідыётаў", якія падаграваюць узаемныя крыўды, а на рацыянальных людзей на двух баках, лічыць філосаф Павел Баркоўскі.
У эфіры Еўрарадыё Баркоўскі пагаварыў са Змітром Лукашуком пра ўзаемныя крыўды Украіны і Беларусі. І пра тое, як фестываль "Прадмова" ледзь не стаў іх ахвярай.
— Маё меркаванне было і застаецца такім: і беларусы, і ўкраінцы павінны разумець, што ў іх адна агульная справа. Не будзе свабоднай Беларусі без вольнай Украіны. І наадварот.
Частка ўкраінскага палітыкуму і культурных дзеячаў здзяйсняюць вялікую памылку, калі адштурхваюць сваімі выказваннямі і дзеяннямі прагрэсіўную частку як расійскага, так і беларускага грамадства. Ім варта было б, наадварот, як мага больш падтрымліваць сваіх хаўруснікаў, каб пераламаць сітуацыю на ўсіх франтах, а не толькі на Данецкім, — кажа Баркоўскі.
Ён прызнае, што беларусы, якія занадта доўга не сустракаюць разумення з боку ўкраінскіх уладаў, адчуваюць крыўду. Тады гаворка заходзіць ужо пра нацыянальны гонар. Але Баркоўскі перасцерагае: не трэба ўсе крыўдныя заявы ўсіх украінскіх спікераў прымаць за пазіцыю ўкраінскага грамадства.
— Гэта трэба разумець як пазіцыі асобных людзей і асобных груп людзей. Так, ёсць пэўная непаслядоўнасць у дзеяннях украінскіх уладаў. З аднаго боку, усе рускія дрэнныя. З іншага — грамадзянства Няўзораву мы дамо. Грошы ад Грабеншчыкова і Муратава пагодзімся прыняць. Тое самае і з беларускімі валанцёрамі.
Як беларусам пасля ўсіх гэтых непаслядоўных заяў захаваць здаровае стаўленне да сітуацыі? Трэба канцэнтравацца не на шашачках, а на паездцы, кажа Баркоўскі. А "паездка" тут зразумелая: трэба падтрымліваць людзей у бядзе.
— Нам гэта важна рабіць незалежна ад таго, ці ёсць неадэкватныя элементы, якія нам у адказ на гэта кажуць нешта дрэннае.
Хто пасварыў беларусаў напярэдадні "Прадмовы"?
Еўрарадыё падрабязна расказвала пра скандал вакол фестывалю інтэлектуальнай кнігі "Прадмова".
Прычыну сваркі можна коратка сфармуляваць так: "Ці засталіся ў свеце добрыя рускія і ці трэба іх запрашаць з сабой за стол"? Хто пасварыў беларусаў? Ці варта шукаць у гэтай сварцы, якая абярнулася "ўрэзаным" складам спікераў фестывалю, тэорыі змовы? Або беларусы змаглі пасварыцца самастойна і ніякія "ольгінскія тролі" не прыклалі да гэтага руку?
— Гэтыя сваркі і скандалы ўзнікаюць перыядычна. Я, вядома, не буду займацца канспіралогіяй і казаць, што спецыяльны "ольгінскі цэнтр" працуе на тое, каб стварыць такія сваркі. Хоць і не выключаю, што нешта падобнае можа існаваць.
Вельмі шмат эмоцый, вельмі шмат крыўдаў і абвінавачанняў. І большасць з іх мае пад сабой глебу. Ёсць за што крыўдзіцца і беларусам на ўкраінцаў, і ўкраінцам на беларусаў. Але давайце задамося пытаннем: каму ідуць на карысць гэтыя сваркі? Як яны нас прасоўваюць у агульнай справе?
Тую ж "Прадмову" лаялі за тое, што яна дае пляцоўку расійскім аўтарам — нават тым, хто не падтрымлівае вайну і дэманструе цяпер цалкам прагрэсіўны парадак дня. Добра. Украінскія аўтары сышлі. Частка расійскіх аўтараў засталася.
І выйшла так, што на нашым фестывалі змаглі вельмі істотна і прадукцыйна выказацца грузінскія аўтары, літоўскія, польскія вядомыя аўтары. І частка рускіх. А ўкраінцаў не было.
Баркоўскі лічыць, што ад гэтага страцілі і беларуская, і ўкраінская культуры.
— Я не думаю, што разрыў усіх стасункаў дзеля высокіх палітычных ідэалаў можа быць карысны. Можна вінаваціць адно аднаго, але карысць ад гэтага атрымаюць толькі два браты-дыктатары на ўсходзе, якія заварваюць гэтую кашу і свараць нас.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.