Шмат плачуць. Што будзе з дзецьмі са Жлобіна, чыю маці забіў іх бацька

У сям'і выхоўваліся дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі, ілюстрацыйнае фота

У сям'і выхоўваліся дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Чацвёра дзяцей, чый бацька ў панядзелак да смерці забіў іх маці, знаходзяцца ў Жлобінскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. У прытулак іх прывезлі ўвечары ў панядзелак — у той жа дзень, калі адбылася трагедыя.

"Не было магчымасці адразу ж перадаць іх камусьці з родных, таму дзяцей прывезлі да нас. Яны паступілі позна ўвечары, а ўжо на раніцу з імі працаваў педагог-псіхолаг", цытуе БЕЛТА супрацоўнікаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Дзеці — дзве старэйшыя дзяўчынкі і два хлопчыкі — у момант трагедыі былі ў школе. Цела маці знайшоў старэйшы хлопчык-сямікласнік. І менавіта ў яго найбольшы стрэс, гавораць спецыялісты.

"Разам з тым па характары і тэмпераменце ён як маленькі мужчына, гаспадарнік такі. Збірае ўсіх вакол сябе, нават трохі камандуе ў чымсьці. Вонкава трымаецца, але насамрэч вельмі перажывае", — кажуць супрацоўнікі Цэнтра. Вельмі перажывае і шмат плача, часам наўзрыд старэйшая дзяўчынка, якая вучыцца ў 9-м класе. "Яе малодшая сястрычка зачынілася, маўчыць або аднаскладова адказвае. Малодшы хлопчык хоць і разумее, што мама памерла, але да канца не ўсведамляе", — распавядаюць у прытулку. Па словах спецыялістаў, пакуль дзеці знаходзяцца ў групе з іншымі дзецьмі, трохі супакойваюцца, але ў асноўным трымаюцца адзін з адным сваёй сям'ёй і плачуць. З імі цяпер займаюцца псіхолагі.

Старэйшых дзяцей, па іх просьбе, звозілі развітацца з маці. Самага малодшага-другакласніка не бралі, старэйшыя аберагаюць яго і імкнуцца засцерагчы. Да дзяцей ужо прыходзіла бабуля, а таксама дзядзька і цётка з боку бацькі. У Цэнтры не выключаюць, што ў перспектыве будзе прынята рашэнне аб перадачы дзяцей камусьці са сваякоў.

Нагадаем, трагедыя адбылася ў панядзелак. Былыя муж і жонка, якія і пасля разводу працягвалі жыць у адной кватэры разам з чатырма дзецьмі, вырашылі выпіць піва. Узнікла сварка, і былы муж нанёс жанчыне, як усталявалі следчыя, "не менш за чатыры ўдары малатком па галаве і не менш за шэсць удараў нажом па целе". Ён затрыманы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі