“Шмат залежыць ад настаўнікаў”. Ніна Скеп’ян пра фальсіфікацыі гісторыі Беларусі
— Тое, што скажэнні ёсць у падручніку, не азначае, што мы мусім яго вывучыць на памяць. У 11 класе ў вучняў ужо мусіць быць рэфлексія, — упэўнена гісторык, кандыдатка гістарычных навук Ніна Скеп’ян.
Што рабіць, калі вашым дзецям выкладаюць гісторыю са скажэннямі? Да чаго можа прывесці прапагандысцкая рыторыка? На гэтыя і іншыя тэмы разважае Ніна Скеп’ян у эфіры Еўрарадыё.
Як абараніць дзяцей ад скажэнняў гісторыі ў школе
Трэба размаўляць з дзецьмі, вучыць іх крытычна падыходзіць да інфармацыі. У 11 класе чалавек ужо ў стане даваць аб’ектыўную ацэнку таму, што ў падручніках размешчана.
Я таксама выкладала ў школе і магу сказаць, што шмат залежыць і ад настаўніка, яго падрыхтоўкі. Функцыя настаўніка — звярнуць на нейкі гістарычны тэкст увагу і зрабіць аналіз таго, што напісана, ці, наадварот, можна пасунуць убок для таго, каб на гэта не звярнулі ўвагу.
Тое, што скажэнні ёсць у падручніку, не азначае, што мы мусім яго вывучыць на памяць. У 11 класе ўжо мусіць быць рэфлексія. Увогуле, праграма 11 класа — гэта паўтор падручніка 9 класа. Проста з кожным колам школьнікі глыбей і глыбей ідуць да пэўнай навукі. Пачынаецца з больш лёгкага і паглыбляецца ў старшай школе.
У 9 класе тэм, якія мы маем на ўвазе, няма. Калі дзеці прайшлі і засвоілі матэрыял, які быў дадзены ў сярэдняй школе, у іх якраз у 11 класе гэта мусіць выклікаць пытанні, дыскусіі.
Наступствы пераказвання гісторыі прапагандыстамі
Безумоўна, гэта ўсё прыводзіць да канфрантацыі. Ёсць ужо падзелы на чорнае і белае. Гэта бачна па рыторыцы дзяржаўных медыя, па рыторыцы апазіцыйных каналаў, якія па сутнасці аднолькавыя, таму што яны маюць вострую эмацыйную афарбоўку.
У кароткатэрміновай перспектыве прапаганда падзеліць людзей па лагерах, таму што тыя, хто прытрымліваецца дэмакратычных каштоўнасцяў, верыць у сімволіку гістарычную, будуць абураныя. Могуць узнікаць канфлікты і сярод дзяцей, і сярод настаўнікаў.
Але цяпер ідзе гаворка пра спрацаванне звычайнага асабістага фактару. На колькі людзей хопіць? Напружанне ў грамадстве вельмі моцнае. Будзе дастаткова нечага маленькага, каб нешта ўспыхнула.
Але ў доўгатэрміновай перспектыве, калі мы вернемся ў самыя цяжкія часы савецкага панавання, калі гісторыя была як навука прапагандысцкая, савецкая гістарычная школа ўсё роўна не пазбавілася выдатных навукоўцаў. Яны праз эканамічную гісторыю працягвалі займацца гісторыяй Беларусі.
Калі ты прыходзіш у навуку, калі ты бачыш дакументы, першакрыніцы, пры наяўнасці крытычнага падыходу і ўмення аналізаваць усё становіцца па сваіх месцах. Таму я думаю, што для шырокага кола грамадства вельмі востра і непрыемна тое, што адбываецца. Але ў доўгатэрміновай перспектыве няхай адзінкі, але застануцца людзі, у якіх будзе крытычнае мысленне, якія змогуць рабіць добрыя гістарычныя даследаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.