Шпакоўскі пагражае заблакаваць у Беларусі "Коммерсант"
Аляксандр Шпакоўскі
Аляксандр Шпакоўскі, прапагандыст, пераназначаны нядаўна з дыпламатаў у Палату прадстаўнікоў, пагражае заблакаваць у Беларусі сайт выдання "Коммерсант". Пагрозлівае папярэджанне ён апублікаваў у Тэлеграме.
Падставай для гневу зрабіўся артыкул "Замкнутый "Мир", у якім ішла гаворка пра намеры дружалюбных Расіі краін адмовіцца ад абслугоўвання расійскіх плацежных карт. Нагадаем, напярэдадні стала вядома, што працаваць з картамі "Мір" адмовіліся банкі Кыргызстана. У канцы сакавіка аналагічнае рашэнне прынялі ў Арменіі.
"Іх прыклад могуць пераняць і нацыянальныя аплатныя сістэмы Таджыкістана і Беларусі праз пагрозу другасных санкцый", — гаварылася ў публікацыі. Крыніца выдання нагадала, што і ў Беларусі, і ў Таджыкістане дагэтуль выпускаюцца карты міжнародных плацежных сістэм, якія актыўна лабіруюць спыненне працы банкаў з расійскімі картамі.
На думку Шпакоўскага, гэтая "публікацыя "Коммерсанта" мае ўсе прыкметы класічнай інфармацыйнай дыверсіі, накіраванай на падрыў даверу ўнутры Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі". І гэты, паводле прапагандыста, "паклёп ("укід") публікуецца напярэдадні перамоваў кіраўніцтва Цэнтрабанка РФ і Нацбанка Рэспублікі Беларусь".
Ён лічыць, што такая публікацыя нясе "адчувальную шкоду іміджу Рэспублікі Беларусь". Шпакоўскі папярэдзіў, што беларуская амбасада ў Маскве "пакідае за сабой права звяртацца ў сувязі з гэтай інфармацыйнай правакацыяй выдання "Коммерсант" у органы дзяржаўнай улады Расійскай Федэрацыі". Акрамя таго, ён выказаў сваё асабістае меркаванне, што "ў якасці захадаў рэагавання Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь могуць быць прынятыя рашэнні заблакаваць рэсурс "Коммерсант" у беларускім лічбавым сегменце".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.