Што беларускія дзеці і дарослыя просяць у Дзеда Мароза
Набліжаецца Новы год, усе дзеці чакаюць цудаў, а Дзед Мароз атрымлівае ад іх штодня стос лістоў з просьбамі і запаветнымі жаданнямі. Пра што ж просяць сучасныя беларускія дзеці?
Гаспадара рэзідэнцыі ў Белавежскай пушчы здзіўляе меркантыльнасць дзяцей.
“Больш за ўсё здзіўляюць меркантыльныя просьбы: ноўтбук новы, смартфон круты, тэлефон круты, машынку на пульце кіравання, незвычайны плазменны тэлевізар. Але ж сустракаюцца лісты, якія радуюць сэрца, таму што дзіця нічога не просіць, а просіць, каб тата з мамай не хварэлі, каб жылі ў міры і сяброўстве, каб было ў доме многа сяброў. І такіх лістоў таксама шмат”.
Белавежскі Дзед Мароз прызнаецца, што вера ў навагоднія цуды не згасае і ў дарослых, але ў іх лістах — просьбы сацыяльнага характару.
“Шмат праблемных лістоў, “сацыяльных”, як мы іх называем. Аказаць дапамогу ва ўладкаванні ў санаторый, прывезці дроваў, пачысціць недзе вуліцу, пасыпку зрабіць. Дапамагчы ўладкаваць на працу — і такія лісты ёсць. Звяртаемся да вертыкалі, да тых органаў, якія могуць у гэтым дапамагчы камусьці. І вынікі ёсць”.
А вось Зюзя Паазерскі з Пастаўшчыны наадварот кажа пра тое, што стала больш нематэрыяльных пажаданняў.
“Калі гадоў пяць таму былі просьбы камп’ютар атрымаць пад ёлачку ці які больш дарагі матэрыяльны падарунак, то сёлета дзеткі сталі больш практычнымі, не настолькі матэрыяльна залежнымі. Таму просьбы нематэрыяльнага характару часцяком бываюць. Напрыклад, каб ніхто не хварэў у сям’і, каб брацік рос разумны і здаровенькі”.
Часта дзеці просяць цацкі пад ёлачку, салодкія падарункі ды рэчы, з якімі можна нешта рабіць рукамі — набор для вышывання, канструктар ды іншае. Зюзя звяртае ўвагу, што дарагіх матэрыяльных падарункаў ад сапраўднага беларускага Дзеда дзеці не патрабуюць.
А вось Дзед Мароз з рэзідэнцыі пад Гомелем здзіўлены новай тэндэнцыяй — дзеці пачалі прасіць міру.
“Сёння мяне здзівіла тое, што просяць міру і здароўя, як ні дзіўна, вельмі многія. То бок, выхаваныя дзеці. У сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне міру просяць некаторыя. Гэта з такога новага пажадання”.
У астатнім просьбы звычайныя. У маленькіх дзяцей — лялькі ды машынкі, у больш дарослых — ноўтбукі, планшэты, добрыя адзнакі.