Што будзе ў Беларусі з настаўніцай, якая займаецца сэксам з вучнямі

Прыгавор па справе Джэніфер Фічтэр — 22 гады турмы — выклікае рэзананс і ў Беларусі. Яно зразумела, садзіць 30-гадовую сімпатычную настаўніцу на такі тэрмін за краты за добраахвотны інтым са старшакласнікамі… Выглядае на перабор. Нават з улікам таго, што на вырак паўплывалі і іншыя злачынствы настаўніцы: хлусня падчас следства і перашкоды ў яго вядзенні. Але не ўсё так проста. Юрыст Тамара Сідарэнка кажа, што у Беларусі за такое ж злачынства амерыканка атрымала б, хутчэй за ўсё, максімальна магчымы тэрмін — 6 гадоў. Уся справа ў залежнасці вучняў ад сваёй настаўніцы:

“Яна настаўніца, і ў іх выкладала, яшчэ мела нейкія дадатковыя заняткі. Уся справа менавіта ў гэтым. Беларускі суд, хутчэй за ўсё, прызнаў бы залежнасць гэтых маладых хлопцаў ад сваёй настаўніцы. Думаю, у нас склад злачынства быў бы такім. Па артыкуле 170 частцы 2. Гэта ад 3 да 6 гадоў пазбаўлення волі. Дарэчы, яго нядаўна ўзмацнілі. Раней было да 4 гадоў”, — расказвае Тамара Сідарэнка.

І дадае, што ўсе іншыя злачынствы Джэніфер Фічтэр — хлусня падчас дачы паказанняў, схіленне да хлусні пацярпелых, перашкоды ў працы следства, якія былі ўлічаныя амерыканскім судом — у Беларусі проста так не накладваюцца адно на другое. Бо паводле нашага заканадаўства “агульны тэрмін пакарання не можа быць большым, чым максімальнае пакаранне па самым цяжкім злачынстве”. То бок у Беларусі Фічтар не трапіла б за краты больш, чым на 6 гадоў. Калі увогуле б трапіла.

“Я такіх выпадкаў за ўсю сваю шматгадовую адвакацкую практыку не прыгадаю. Каб настаўніка судзілі за інтымную сувязь са старшакласнікамі. Бывала і даволі часта — з вучнямі малодшых класаў. А каб з 17-гадовымі і добраахвотна — не прыгадаю. Хаця, разумела, на бытавым узроўні мы ўсе пра такія выпадкі ведаем. Беларусь тут не адрозніваецца, відаць, ад іншага свету”, — расказвае Тамара Сідарэнка.

Артыкул 170 КК Рэспублікі Беларусь:

Прымушэнне да дзеянняў сэксуальнага характару

1. Прымушэнне асобы да палавых зносін, мужаложства, лесбіянства або здзяйснення іншых дзеянняў сэксуальнага характару шляхам шантажу, пагрозы знішчэннем, пашкоджаннем або адабраннем маёмасці альбо з выкарыстаннем службовай, матэрыяльнай або іншай залежнасці пацярпелага (пацярпелай) — караецца абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Тое ж дзеянне, здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга (непаўналетняй), — караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі