Што будзе з ліцэямі? Рэпетытар Лівянт паспрабаваў зразумець логіку чыноўнікаў

Яўген Лівянт / Еўрарадыё​
Яўген Лівянт / Еўрарадыё​

Вядомы рэпетытар Яўген Лівянт паспрабаваў зразумець логіку Міністэрства адукацыі, якое вырашыла перагледзець прынцыпы працы ліцэяў. І не змог.

"Здаецца, логіка з Міністэрства адукацыі кудысьці выйшла і забыла дарогу назад", — піша ён.

Сутнасць гісторыі такая. Лівянт на сваёй старонцы ў Facebook апублікаваў пост пра магчымае закрыццё ліцэяў. Праз праўладны тэлеграм-канал рэпетытар атрымаў адказ. Ліцэі не закрываюць, але прынцыпы іх працы перагледзяць. Уступныя выпрабаванні зробяць у пісьмовай форме і па адзіных тэкстах. Пры гэтым заданні для ўступных экзаменаў будзе распрацоўваць РІКВ. Акрамя таго, паведамлялася, што Мінадукацыі гэтай восенню "добра так пераправерыла" гэтыя навучальныя ўстановы. Чыноўнікаў занепакоіла дубляванне профіляў у ліцэях, размешчаных у адным горадзе, а таксама доступ да навучання для дзяцей з правінцыі.

Лівянта зацікавіла ідэя пакінуць у кожным горадзе па адным ліцэі з аднолькавым профілем.  

"Мяркуючы па ўсім, Мінадукацыі лічыць, што, напрыклад, матэматычны профіль павінен быць толькі ў адным ліцэі ў горадзе. Чаму? У краіне лішак школьнікаў з добрай матэматычнай адукацыяй і іх колькасць трэба тэрмінова скарачаць?" — задаецца пытаннем рэпетытар.  

Ён гэтак жа не змог зразумець, "чаму, каб даць доступ у ліцэі дзецям з вёсак, колькасць ліцэяў трэба скараціць". Па логіцы, наадварот: каб дзеці з правінцыі мелі больш шанцаў вучыцца ў ліцэях, такіх устаноў адукацыі мусіць быць больш. Прычым не толькі ў Мінску, але і ў абласных і раённых цэнтрах.

"Нагадаю, што зусім нядаўна закрылі ліцэі ў Быхаве, Крычаве і, здаецца, Слоніме. Наколькі я ведаю, і некаторыя гімназіі-інтэрнаты спрабавалі закрыць. Наадварот, варта паўсюдна захаваць ліцэі, якія ёсць, і адкрыць новыя", — лічыць Яўген Лівянт.

Пры гэтым ён падтрымаў ідэю Міністэрства па змене сістэмы ўступных экзаменаў. Больш за тое, ён прапанаваў прадугледзець для вучняў магчымасць падаваць дакументы адразу ў некалькі ліцэяў. Тады яны маглі б выбіраць, дзе вучыцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі