Што стала з тымі палітыкамі, якіх згадалі ў “панамскіх дакументах”

Што стала з тымі палітыкамі, якіх згадалі ў “панамскіх дакументах”

Мінула два тыдні пасля публікацыі “панамскіх дакументаў”. Што змянілася для іх герояў за гэты час?

Прэм’ер Ісландыі — у адстаўцы

У Ісландыі з-за афшорнага скандала сыходзіць у адстаўку прэм’ер Сігмюндзюр Давід Гунлейгсан. З апублікаваных дакументаў вынікае, што ён мае незадэклараваныя інтарэсы ў ісландскіх банках, якія падчас фінансавага крызісу атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы.

Таксама ў 2007 годзе ён з жонкай набывае афшорную кампанію Wintris і не дэкларуе яе, стаўшы парламентарыем у 2009 годзе. Праз восем месяцаў Гунлейгсан прадае 50% кампаніі сваёй жонцы за 1 долар, пасля чаго гэтая кампанія інвестуе мільёны долараў у банкі Ісландыі.

Пасля такіх звестак каля будынка парламента ў Рэйк’явіку праходзіць маштабная акцыя пратэсту. Каля 23 тысяч чалавек падпісваюць петыцыю за адстаўку прэм’ера.

Новым кіраўніком краіны становіцца былы міністр сельскай гаспадаркі Сігурпур Інгі Ёхансан.

Што стала з тымі палітыкамі, якіх згадалі ў “панамскіх дакументах”
Сігмюндзюр Давід Гунлейгсан. Фота: АFP/Scanpix

У адстаўку сыходзіць міністр прамысловасці Іспаніі

У адстаўку сыходзіць і міністр прамысловасці Іспаніі Хасэ Мануэль Сор’я. Яго імя згадваецца ў “панамскіх дакументах” у сувязі з некалькімі афшорнымі кампаніямі ў Панаме і Джэрсі. У сваім паведамленні Сор’я кажа, што такая сітуацыя прычыняе відавочную шкоду іспанскаму ўраду і ён вымушаны сысці.

Што стала з тымі палітыкамі, якіх згадалі ў “панамскіх дакументах”
Хасэ Мануэль Сор’я. Фота: pro-arctic.ru

Падзенне рэйтынга Кэмерана

Рэйтынг прэм’ера Вялікарытаніі Дэвіда Кэмерана праз два тыдні пасля публікацыі “панамскіх дакументаў” зніжаецца амаль на 8%, сведчаць дадзеныя апошняга сацыяльнага апытання.

Спачатку прэм’ер сыходзіць ад адказу на пытанне, ці атрымліваў ён калі-небудзь даход ад афшорных фірм. Замест гэтага ён распавядае пра сваё фінансавае становішча цяпер.

Потым, амаль праз тыдзень пасля публікацыі “Панамскіх дакументаў”, Кэмеран прызнае, што атрымліваў прыбытак ад афшорнай кампаніі свайго нябожчыка бацькі Іэна Кэмерана.

“У мяне і Саманты [жонка прэм’ера] быў агульны рахунак, і мы былі ўласнікамі пяці тысяч акцый у Blairmore Investment Trust, але мы прадалі іх у студзені 2010-га года. Яны каштавалі каля 30 тысяч фунтаў. Я заплаціў падаходны падатак з дывідэндаў. Так, быў прыбытак. Але я не плаціў падатак на прырост капіталу, таму што атрыманы даход быў ніжэйшы за мінімальную планку, якая прадугледжвае выплату такіх падаткаў. Гэта значыць, усе брытанскія падаткі былі выплачаныя цалкам натуральным чынам”, — прыводзіць словы прэм’ера Еuronews.

Пра адстаўку, дарэчы, прэм’ер не ўзгадвае.

Што стала з тымі палітыкамі, якіх згадалі ў “панамскіх дакументах”
Пётр Парашэнка. Фота: novosti-tchasa.com

Заканадаўства Украіны не можа караць за афшоры

У панамскіх паперах згадваецца і прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Дзякуючы афшорным кампаніям ён мог схаваць ад украінскіх падаткавікоў каля мільёна долараў.

Пасля гэтага прэзідэнт на сваёй старонцы ў “Facebook” піша:

“Стаўшы прэзідэнтам, я адышоў ад кіравання актывамі, даручыўшы гэтую справу адпаведным кансалтынгавым і юрыдычным кампаніям. Чакаю, што яны дадуць вычарпальныя тлумачэнні для ўкраінскай і міжнароднай прэсы”.

Старшыня праўлення Цэнтра процідзеяння карупцыі Украіны Віталь Шабунін заяўляе, што расследаванню афшорных схем Парашэнкі перашкаджае адсутнасць заканадаўчай базы. Крыху раней старшыня падатковага камітэта Гандлёва-прамысловай палаты Дзмітрый Міхайленка кажа, што Дзяржаўная фіскальная служба не правярае наяўнасць афшорных актываў украінскіх чыноўнікаў, падаткавікі кіруюцца толькі афіцыйнымі дэкларацыямі.

Што стала з тымі палітыкамі, якіх згадалі ў “панамскіх дакументах”
Уладзімір Пуцін. Фота: kievpravda.com

Пуцін называе дадзеныя “Панамскіх дакументаў” спробай разгайдаць сітуацыю ў краіне.

У дакументах узгадваюцца кампаніі, звязаныя з банкам “Расія” і блізкімі знаёмымі Пуціна, у тым ліку яго даўнім сябрам, віяланчэлістам Сяргеем Ралдугіным. На яго імя праз афшорныя структуры пераведзена каля двух мільярдаў долараў.

Таксама музыка паказаны ў якасці афіцыйнага ўладальніка дзвюх афшорных кампаній, якія ладзілі сумнеўныя здзелкі з іншымі блізкімі да Пуціна людзьмі і структурамі.

“Амаль усе грошы, якія ён зарабіў, ён патраціў на набыццё музычных інструментаў за мяжой і прывёз іх у Расею”, — заявіў Пуцін.

У “панамскіх дакументах” згадваюцца і іншыя вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы — футбольны чыноўнік Мішэль Плаціні, футбаліст Ліянэль Месі, рэжысёр Педра Альмадовар — агулам сотні асобаў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі