Што сусветныя СМІ напісалі пра Святлану Алексіевіч

Што сусветныя СМІ напісалі пра Святлану Алексіевіч

Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала беларуска Святлана Алексіевіч. Аб’яўляючы лаўрэата, прадстаўніца нобелеўскага камітэта адзначыла, што прэмія прысуджаная “за яе поліфанічную прозу, якая з’яўляецца помнікам пакутам і мужнасці ў наш час”.

У Заходніх выданнях навіна выклікала вялікі рэзананс.

Брытанская газета The Guardian звяртае ўвагу, што Алексіевіч з’яўляецца 14-й жанчынай, якая атрымала нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Выданне ўзяла інтэрв’ю ў беларускага палітыка Андрэя Саннікава. Ён заявіў, што быў у захапленні ад звесткі аб атрыманні прэміі суайчынніцай:

“Я нерваваўся з учорашняга вечара. Хоць букмекеры і прадказвалі ёй перамогу, але, вядома, дакладна ніхто ведаць не можа. Я такі шчаслівы. Яна сапраўды заслугоўвае гэтай узнагароды. Яна вялікі чалавек, глыбокі, ўдумлівы, цікавая суразмоўца, вельмі шчырая”.

Расійская служба ВВС адзначае, што гэтая першая Нобелеўская прэмія для Беларусі.

Газета Independent таксама напісала пра беларускую пісьменніцу. Там адзначаецца, што “яна стала вынаходніцай новага літаратурнага жанру, заснаванага на рэальных інтэрв’ю, а таксама патрапіла пад моцны ўплыў свайго калегі, беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча

Іспанская газета El Pais апісвае жыццё пісьменніцы і адзначае, што як крытык цяперашняга беларускага палітычнага рэжыму, яна найчасцей жыве за мяжой, у Германіі, дзе яе апошняя кніга мела вялікі поспех.

Французскае выданне Le Figaro апублікавала вытрымкі з ранейшага інтэрв’ю пісьменніцы. Там Алексіевіч кажа, што знаходзіцца ў палоне журналістыкі, але журналістыкай называць свае творы не хоча. І называе іх “раманам голасоў”.

Амерыканскі канал CNN на сваім сайце змясціў вялікі матэрыял пра Святлану Алексіевіч і прыводзіць звесткі з яе біяграфіі. Творчасць пісьменніцы выданне апісвае яе ж словамі:

“Я пішу гісторыю чалавечых пачуццяў. Тое, што людзі думалі, разумелі і памяталі падчас падзеі. Тое, у што яны верылі ці не верылі, іх ілюзіі, надзеі і страхі, іх досвед. Такое немагчыма ўявіць ці прыдумаць, ва ўсялякім выпадку, у такім мностве рэальных дэталяў”.

Амерыканскае СМІ New York Times піша, што ў ЗША Алексіевіч ведаюць па кнізе “Чарнобыльская малітва”, якая была перакладзеная пісьменніцай Кейт Гесэн. Гэтая кніга атрымала Нацыянальную кніжную прэмію Critics Circle.

Тэгі “Alexievich” у Твітары знаходзяцца ў топах. Інтэнсіўнасць абнаўленняў, па стане на 18 гадзін, складае 100 твітаў за 30 секунд.

Фота: AFP/Getty Images

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі