Што замінае Беларусі ўвесці малы памежны рух з Польшчай?
Раней прычынай была “антыбеларуская палітыка польскага ўраду”, а цяпер — занадта вялікі пасажырапаток на мяжы.
Роўна год таму, 15 ліпеня ў Мінску на пасяджэнні беларуска-польскай міжурадавай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва бакі спрабавалі чарговы раз прыйсці да кансенсусу ў справе ўвядзення малога памежнага руху. Зрабіць гэта тады не атрымалася. Пытанне бязвізавага перасячэння мяжы для жыхароў 30-кіламетровай памежнай зоны адклалі “на больш спрыяльны час”.
Мінуў год. Адносіны паміж Беларуссю і Захадам паступова пацяплелі. Мінск наведваюць уплывовыя еўрапейскія палітыкі. Канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕС Федэрыка Магерыні ды еўракамісар па палітыцы суседства Ёханас Хан. На прыезд Аляксандра Лукашэнкі на саміт Усходняга партнёрства ўсур’ёз разлічвалі многія палітыкі з Еўрасаюза. І калі б не напружаная сітуацыя ў стасунках паміж ЕС і Расіяй, цалкам верагодна, што кіраўнік Беларусі мог упершыню наведаць саміт.
Аднак справа з увядзеннем малога памежнага руху стаіць на месцы. Праўда, змянілася рыторыка беларускага боку.
Некалькі гадоў таму тагачасны прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных адказаў, што справа ў “антыбеларускай палітыцы польскага боку”.
“Набыццё моцы пагадненнем аб памежным руху з Польшчай у найбліжэйшы час не плануецца. Гэта звязана з дастаткова жорсткай антыбеларускай пазіцыяй, якую займае польскі ўрад", — заявіў прэс-сакратар беларускага МЗС на брыфінгу ў сакавіку 2013 года.
Цяпер адказы куды больш дыпламатычныя. Па словах, намесніка міністра замежных спраў Беларусі Аляксандра Гур’янава, прыгранічны рух можа закрануць больш за 1.5 мільёна чалавек, а Беларусь не гатовая да такога пасажырапатоку. Таму спачатку трэба будзе стварыць новыя пункты пераходу, пабудаваць новыя масты ды палосы для транспарту,а ўжо пасля адмяняць візы.
Аляксандр Гур'янаў: “На жаль, у нас былі розныя часы, калі не было ўзгодненай палітыкі, як развіваць гэты наш супольны кавалак мяжы. На сённяшні дзень мы аднавілі перамовы пра рэжым беларуска-польскай мяжы, які прадугледжвае і мадэрнізацыю мастоў, пунктаў пропуску, стварэнне дадатковых пераходаў, стварэнне прававых умоў для спрошчанага руху. Малы памежны рух ― гэта толькі частка, а мы хочам вырашыць праблему комплексна”.
У 2012 годзе праблемы вялікай колькасці пасажыраў беларускі бок не хвалявалі. Так, у інтэрв’ю "Радыё Беласток" консул Беларусі Аляксандр Берыбеня сенсацыйна заявіў, што ўсе дакументы аб увядзенні малога памежнага руху даўным-даўно ратыфікаваў парламент і падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Адзінай перашкодай тады нібыта быў недахоп спецыяльных прынтараў, якія павінны друкаваць карты-пропускі для жыхароў памежных тэрыторый. З моманту інтэрв’ю мінула амаль тры гады, адмысловых друкарак так знайсці і не атрымалася.
Цяпер той самы консул Аляксандр Берыбеня ў інтэрв’ю "Радыё Рацыя" распавядае, што не можа сказаць, калі будзе ўведзены малы памежны рух.
“Не ведаю. Трэба папрацаваць, каб інфраструктуру зрабіць. Трэба пакінуць працу і для другога генеральнага консула — хай папрацуе!” ― заявіў беларускі дыпламат.
Такім чынам, пытанне пра трансгранічнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Польшчай ужо які год застаецца адкрытым. Існуе верагоднасць, што нейкія рашэнні будуць прынятыя на пасяджэнні беларуска-польскай камісіі па прыгранічным супрацоўніцтве, якое пройдзе ў кастрычніку у Польшчы.
Аўтар: Раман Усцінаў
Фота: belta.by, civilhrodna.org, mragowo.wm.pl