Шумілінскі райвыканкам рассылае разнарадкі па латарэйках. Ці законна гэта?

Шумілінскі райвыканкам рассылае разнарадкі па латарэйках. Ці законна гэта?

Шумілінскі райвыканкам Віцебскай вобласці прапаноўвае супрацоўнікам мясцовых арганізацый купляць латарэйныя білеты “Прыдзвінне”. Кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў рассылаецца адпаведны загад за подпісам намесніцы старшыні Шумілінскага райвыканкама Ірыны Шалахавай.

“Прашу вас аказаць практычную дапамогу ў распаўсюджванні сярод работнікаў арганізацыі білетаў латарэі “Прыдзвінне”, тыраж № 26, розыгрыш прызавога фонду якога адбудзецца 14 лістапада 2019 года. Білеты неабходна атрымаць у аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Грашовыя сродкі здаць не пазней за 22 лістапада”, — паведамляецца ў лісце чыноўніцы Шумілінскага райвыканкама.

Еўрарадыё разбіраецца, чаму распаўсюджваннем латарэек займаецца раённая ўлада, каму належаць гэтыя білеты і ці законна гэта ўвогуле.

“Прыдзвінне” — частка дзяржаўнага прадпрыемства “Беларускія латарэі”, якое належыць Кіраўніцтву спраў прэзідэнта. Кошт аднаго білета — 2 рублі. У Шумілінскім райвыканкаме лічаць, што ў прапанове купіць білет няма нічога дрэннага, і адразу палічылі, хто і колькі білетаў мусіць набыць. Напрыклад, супрацоўнікам раённых бібліятэк трэба купіць 30 латарэек, ЖКГ — 50, ПМК — 50, Дома рамёстваў — 5, музея — 4.

Намесніца старшыні Шумілінскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ірына Шалахава расказала Еўрарадыё, што сама гуляе ў латарэю “Прыдзвінне”, а разнарадкі купляць білеты дасылаюцца, каб людзям было зручней.

"Мы напісалі, каб тыя, у каго ёсць магчымасць, набылі білеты. Ніякай прымусоўкі няма" , — адмаўляецца размаўляць Ірына Шалахава.

Чаму менавіта райвыканкам займаецца распаўсюджваннем білетаў? Чыноўніца прапаноўвае паглядзець, хто заснавальнік гэтых латарэй (гэта Віцебскі аблвыканкам). “А райвыканкам прапаноўвае. Даводзіць інфармацыю, як і любую іншую. Вось і ўсё”, — кажа яна. 

Усе аргументы, што райвыканкам прымушае людзей купляць латарэйныя білеты, чыноўніца адмаўляе.

“Ніякага прымусу. Хто хоча, той і купіць. Дзе напісана, што некага звольнілі, знялі, расстралялі? Скажыце, дзе такое напісана? Хто вам такое можа сказаць? Гэта прапанова, а не прымусоўка. Адмовіцца можна заўсёды, але не бачу сэнсу. Можа, чалавеку зробім добра, ён выйграе латарэйны білет! Я сама гуляю, выйгравала… але не аўтамабіль”.  

Чыноўніца запэўнівае, што ніхто ў раёне яшчэ не скардзіўся на прапанову купіць латарэйны білет. Гэта не першы выпадак добраахвотна-прымусовай прапановы ад уладаў у Беларусі. Некалькі гадоў таму ў Пінску настаўнікам таксама “прапаноўвалі” набыць білет. Што праўда, тады пра прымус настаўнікі расказалі журналістам і гуляць у латарэю адмовіліся.

Юрыст: гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць

Але ці мае права райвыканкам рэкламаваць і распаўсюджваць латарэйныя білеты? Па словах юрыста Алега Граблеўскага, чыноўнікі Шумілінскага райвыканкама парушаюць закон па ўсіх франтах.

“Заснавальнікам латарэі “Прыдзвінне” з’яўляецца Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, — расказаў Еўрарадыё Алег Граблеўскі. — Арганізатар — унітарнае прадпрыемства “Беларускія латарэі”. Ёсць указ прэзідэнта № 209 “Аб латарэйнай дзейнасці”, які вызначае парадак рэалізацыі. Згодна з гэтым дакументам за распаўсюд латарэй адказвае арганізатар — “Беларускія латарэі”. Што мы бачым на практыцы? Распаўсюдам фактычна займаецца прадстаўнік заснавальніка, а не арганізатар. Гэта першае парушэнне”.

Юрыст дадае, што распаўсюджваннем можна займацца выключна пры наяўнасці дамовы паміж арганізатарам і прадпрыемствам ці асобай, якая ажыццяўляе распаўсюджванне.

“Райвыканкам, не з'яўляючыся ні арганізатарам, ні заснавальнікам латарэі, фактычна займаецца распаўсюдам і атрыманнем грашовых сродкаў. Удзел выканкама, арганізацый і прадпрыемстваў у такой рэалізацыі, на мой погляд, з'яўляецца тым, што ў Адміністрацыйным кодэксе называецца “незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць” як мінімум”, — сказаў Алег Граблеўскі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі