Шушкевіч: Беларусь на ўкраінскія падзеі ніяк рэагаваць не будзе
Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
Паводле яго слоў, на Будапешцкі мемарандум (у пачатку 1990-х краіны Захаду гарантавалі бяспеку краінам Усходняй Еўропы (Беларусі, Украіне), якія адмовіліся ад ядзернай зброі) не варта спадзявацца.
У гэтым дакуменце не прапісаныя механізмы рэагавання. Таму ЗША і Еўропа пакуль выкарыстоўваюць толькі дыпламатычныя сродкі.
"Мемарандум — марная надзея, — кажа Станіслаў Шушкевіч. — І іншыя дамовы не будуць адыгрываць ніякай ролі. Расія пачынае паводзіць сабе, як Савецкі саюз. Усім не падабаецца, а мы змагаемся за мір ва ўсім свеце. Ніякія дамовы ўздзеяння не акажуць. Ёсць рычагі ўплыву ў [Вялікай] сямёркі і ЕС. Але гэта затратныя тэхналогіі, на якія, я думаю, яны не пойдуць. Эканамічныя, фінансавыя [санкцыі], замарозка рахункаў, дыпламатычная блакада. Ціск можа быць, але чакаць ад яго эфект трэба даволі доўга".
Беларусь жа, на думку Шушкевіча, ніяк рэагаваць не будзе. А зробленая заява пра падтрымку цэласнасці Украіны толькі таму, што трэба было неяк адрэагаваць. Захад таксама вінаваты, бо паказаў кепскі прыклад з Грузіяй, лічыць Станіслаў Шушкевіч:
"Яны паказалі, што можна надзяліць некага незалежнасцю, не зважаючы на іншых. А Пуціну самазамацавацца іншым шляхам немагчыма. Тут яны могуць паказаць, што па-ранейшаму імперыя і могуць навязваць сваю волю суседзям. Беларусь рэагаваць не будзе. Беларускія структуры цалкам падпарадкаваныя Расіі і Пуціну. І наш нелегітымны прэзідэнт захоўвае свой статус толькі дзякуючы Пуціну".
Здымак з архіву. Фота — Reuters