Сівакоў: Для чалавека з іншага асяроддзя прызначэнне міністрам — гэта пакаранне
5 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра спорту. Ім стаў 49-гадовы Сяргей Кавальчук, кадравы вайсковец, а з 2004 года — супрацоўнік прэзідэнцкай Службы бяспекі. Ён прыйшоў на змену Аляксандру Шамко, якога кіраўнік краіны абвінаваціў у няздольнасці справіцца з карупцыяй у межах ведамства.
Ці магчыма кіраваць спортам не спартсмену, якія праблемы ёсць сёння ў Беларусі і як іх можна вырашыць — пра гэта Еўрарадыё размаўляе з Юрыем Сіваковым, былым міністрам спорту, які кіраваў ведамствам два з паловай гады (2003-2005).
Еўрарадыё: На пасаду міністра спорту прыйшоў “чалавек Аляксандра Лукашэнкі”, з яго асабістай аховы. Ён будзе выконваць “лінію партыі” ці ўсё ж будзе арыентаваны на людзей?
Юрый Сівакоў: У кожнай арганізацыі, а ў спорце асабліва, патрэбны чалавек, які валодае лідарскімі якасцямі і кіруецца прынцыпамі павагі, клопату і сумленнасці. Міністр сам не скача і не бегае — ён стварае ўмовы для прафесіяналаў. Калі гэты чалавек будзе разумець і на першым этапе не перашкаджаць працаваць тым, хто выступае, ён ужо будзе адпавядаць сваёй пасадзе. Але ў прынцыпе, я лічу, што асноўная лінія развіцця павінна быць накіраваная на аздараўленне нацыі і даступнасць для большасці. І міністр павінен пераканаць вышэйшых службовых асоб, што гэтая лінія — той “бяспечны фарватар”, з дапамогай якога мы зможам захаваць наш галоўны рэсурс — людзей.
Еўрарадыё: Наколькі прынцыпова тое, што ён з іншага асяроддзя, з іншай сферы, з сілавых структур?
Юрый Сівакоў: З аднаго боку, для чалавека з іншага асяроддзя такое прызначэнне — гэта свайго роду пакаранне. Трэба разабрацца, зразумець, што як працуе, сфармаваць сваю каманду. А з іншага боку, калі ён валодае патрэбным наборам якасцяў і здольны размащляць з людзьмі на навукова-прафесійным узроўні, то ён здольны будзе справіцца з пастаўленымі задачамі.
Еўрарадыё: Запрашаючы чалавека з боку, монжа сутыкнуцца з рызыкай, што ён, не ведаючы ўсіх спартоўцаў, не ведаючы іх моцных і слабых бакоў, будзе прымаць не зусім узважаныя рашэнні, як такога можна пазбегнуць?
Юрый Сівакоў: Акурат для такіх сітуацый у міністра і павінна быць свая каманда: начальнік упраўлення спорту, намеснік міністра па спорце, кіраўнікі федэрацый. Калі ўсё гэта будзе, і ён правільна гэтым скарыстаецца, то тады міністр можа сябе засцерагчы ад памылак. Самае галоўнае, каб апарат на чале якога стаіць міністр, быў прафесійна дзеяздольны.
Еўрарадыё: Наколькі спорт палітычна заангажаваны? Напрыклад кіраўнік краіны вельмі любіць хакей, і ўсюды будуюць лядовыя палацы. Але наколькі гэта адпавядае рэальным патрэбам?
Юрый Сівакоў: Фактар асабістай суб'ектыўнасці быў заўсёды. Але той чалавек, які стаіць на чале міністэрства, павінен працаваць так, каб усё рабілася ў інтарэсах грамадства, а не нейкай кіруючай асобы. Калі яго дзейнасць накіраваная на грамадства, то тады можна чакаць нейкія вынікі. Але, калі яго дзейнасць накіраваная на канʼюнктуру, то наўрад ці варта нечага чакаць. Тут важна разумець, на што накіраваны кіраўнік: утрымацца як мага даўжэй у крэсле або паспець як мага больш зрабіць для людзей, пакуль ён знаходзіцца “за рулём”.
Еўрарадыё: Якія, на вашу думку, галоўныя праблемы ў нашым спорце?
Юрый Сівакоў: Самая галоўная праблема, і не толькі ў спорце, — у тым, што мы не ўсведамляем, што галоўны наш рэсурс – не золатавалютны запас, а людзі. Трэба да гэтага рэсурсу ставіцца з павагай, сумленнасцю і клопатам, незалежна ад палітычных поглядаў. Трэба да тых людзей, якія “на перадавой”, — да трэнераў, спартсменаў і іншых спецыялістаў ставіцца вельмі асцярожна і вельмі ўважліва. Тады будзе вынік.
Еўрарадыё: Што важней: медалі або здароўе нацыі? Куды траціць больш рэсурсаў?
Юрый Сівакоў: Вось вы б змаглі, аддаўшы на хакей сваё дзіця, за сваю зарплату штогод экіпіраваць і змяняць яму форму, таму што ён расце? Вось я б не змог. Справа не ў медалях, а ў тым, наколькі гэта спрыяе аздараўленню нацыі і спрыяе занятасці падлеткаў, іх развіццю там, дзе гэта даступна для большасці семʼяў. Бо заўсёды ёсць вектары развіцця. І кожны выбірае: радавацца за Домрачаву на пʼедэстале або клапаціцца пра развіццё нашых дзяцей.
5 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага міністра спорту. Ім стаў 49-гадовы Сяргей Кавальчук, кадравы вайсковец, а з 2004 года — супрацоўнік прэзідэнцкай Службы бяспекі.