СК: хакеісты маладзёжнай каманды "Юнацтва" не затрыманыя
Хакеісты маладзёжнай каманды "Юнацтва" не затрыманыя, паведаміў TUT.by кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. Чатырох чалавек падазраюць у незаконным абароце наркотыкаў. Яны знаходзяцца пад абавязальніцтвам пра яўку.
Прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне чатырох хакеістаў “Юнацтва” 4 красавіка. Пры гэтым не адзначалася, што гаворка ідзе пра маладзёжную каманду (у ёй гульцы ва ўзросце 16-20 гадоў), а не асноўную. Па версіі міліцыі, увечары 1 красавіка ў сталіцы затрымалі двух хакеістаў з гашышам. Пасля адбылося затрыманне яшчэ двух спартсменаў. Міліцыянеры спрабавалі высветліць схемы распаўсюду наркотыкаў у хакейнай камандзе, а таксама іх пастаўшчыкоў. Былі распачатыя крымінальныя справы.
Дарэчы, галоўны трэнер "Юнацтва" Міхаіл Захараў заявіў, што нічога не чуў пра наркаскандал у клубе.