Следчы камітэт атрымаў доступ да сістэм відэаназірання
Ствараць сістэму відэаназірання з доступам дзяржорганаў у Беларусі пачалі ў 2014 годзе / sb.by
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім даў Следчаму камітэту права доступу да "сістэм відэаназірання за станам грамадскай бяспекі". Дакумент, які ўносіць папраўкі ва ўказ ад 2013 года "Аб пытаннях стварэння і прымянення сістэмы відэаназірання ў інтарэсах забеспячэння грамадскага парадку" апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
Раней права доступу да сістэмы відэаназірання мелі міліцыя, КДБ, пагранслужба, МНС, мытныя органы, Служба бяспекі прэзідэнта і ААЦ. Цяпер гэты спіс папоўніў СК.
Адпаведна падкарэктаваны і пункт старога ўказа, які тычыўся задач сістэмы відэаназірання. Цяпер відэа з камер можа быць выкарыстана не толькі для "забеспячэння грамадскага парадку, прафілактыкі, выяўлення (раскрыцця) і спынення злачынстваў, іншых правапарушэнняў", але і для "расследавання злачынстваў".
Пасля апублікавання указ уступіў у сілу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.