Следчы камітэт: Затрыманых па справе аб разбурэнні "лавы Клінтана" няма
На сёння асобаў, затрыманых за разбурэнне так званай "лавы Клінтана" ў Курапатах, няма. Пра гэта афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласьці Тацяна Беланог паведаміла ў каментары Радыё Свабода.
"У цяперашні час асобаў, затрыманых па справе аб разбурэнні "лавы Клінтана", няма. Па даручэнні следства працягваюцца аператыўныя мерапрыемствы, адпрацоўваюцца асобы на датычнасць да здзяйснення проціпраўных дзеянняў", — заявіла яна.
Мемарыяльную лаву як падарунак беларускаму народу ад амерыканскага ўрачыста адкрыў у Курапатах прэзідэнт ЗША Біл Клінтан у 1994 годзе. Вандалы некалькі разоў шкодзілі яе і канчаткова разбурылі 7 лютага 2019 года. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу з гэтай нагоды.
Тым часам абаронцы Курапатаў заяўляюць, быццам міліцыянты з Бараўлянскага аддзялення РАУС Мінскага раёну затрымалі групу маладых людзей. Аднаго з гэтай групы падазраюць у разбурэнні "лавы Клінтана".
Падрабязнасці распавёў абаронца Курапатаў Алесь Чахольскі, які размаўляў з маці затрыманага хлопца. Паведамляецца, што гэта выпускнік мінскай гімназіі М., які прывёў у Курапаты дзвюх знаёмых дзяўчат, каб паказаць ім гэтае трагічнае месца. За кампаніяй увязаліся міліцыянты ў цывільным, якіх маладыя людзі прынялі за хуліганаў і сталі ўцякаць.
"Тыя іх дагналі, запатрабавалі спыніцца, але адна дзяўчына пырснула ў твар з балончыка. Толькі тады міліцыянты патлумачылі, хто яны такія. У выніку маладзёнаў затрымалі і да вечара пратрымалі ў аддзяленні бараўлянскай міліцыі. Потым юнакі распавялі, што там на іх крычалі, пагражалі, патрабавалі прызнацца, што гэта яны нібыта разбурылі "лаву Клінтана", — дадаў Чахольскі.
Увечары дзяўчат адпусцілі, а юнака пратрымалі яшчэ тры дні, перш чым выпусцілі. Ідзе праверка наконт ягонай датычнасьці да разбурэньня "лавы Клінтана". Дома ў хлопца, па словах Чахольскага, адбыўся ператрус.