Амбасадара Беларусі ў Латвіі звольнілі пасля заявы пра перамогу Ціханоўскай
Васіль Марковіч страціў пасаду амбасадара ў Латвіі ды быў пазбаўлены дыпламатычнага рангу за тое, што абвясціў пра перамогу Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкх выбарах.
"Пасля прэзідэнцкіх выбараў Васіль Марковіч раптоўна з'явіўся на сустрэчы беларускага таварыства "Світанак" і пацвердзіў, што ў Латвіі Ціханоўская перамагла", — піша rus.delfi.lv.
У Латвіі беларусы на прэзідэнцкіх выбарах маглі прагаласаваць на чатырох участках — у амбасадзе ў Рызе, у консульстве ў Даўгаўпілсе, а яшчэ два выязныя ўчасткі былі арганізаваныя ў Ліепаі і Вентспілсе. Амбасада Беларусі ў Латвіі афіцыйна пацвердзіла, што ў Рызе большасць прагаласавала за Ціханоўскую, а ў Даўгаўпілсе — за Лукашэнку. Агулам жа ў Латвіі 59% беларускіх грамадзян аддалі свае галасы Ціханоўскай, а 34% — Лукашэнку.
Марковіч кіраваў беларускай амбасадай з 2018 года і рыхтаваў візіт Лукашэнкі ў гэтую краіну.
16 верасня Аляксандр Лукашэнка сваім указам вызваліў Марковіча ад пасады амбасадара і пазбавіў яго дыпламатычнага рангу "за неналежнае выкананне службовых абавязкаў". Тады ж дыпламатычнага рангу былі пазбаўленыя Павел Латушка і Ігар Ляшчэня, якія падтрымалі мірныя пратэсты ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.