СМІ: У Беларусі хаваецца самы шуканы злачынца ў свеце
19 чэрвеня ў нацыянальным аэрапорце "Мінск" прызямліўся прыватны самалёт, на якім у Беларусь прыляцеў грамадзянін Аўстрыі Ян Марсалек, піша The Insider. Марсалек — самы шуканы на сёння злачынца ў свеце. Свайму калегу, які пацікавіўся, ці знаходзіцца ён у "палітычна стабільным асяроддзі" аўстрыец адказаў: "Не хвалюйцеся, ля ўлады тут адны і тыя ж людзі апошнія 25 гадоў".
У чэрвені 2020 года нямецкая кампанія Wirecard, у якой Марсалек працаваў галоўным аперацыйным дырэктарам і адказваў за дзейнасць кампаніі ў Азіі, абвалілася пасля таго, як аудытары выявілі ў яе балансе дзірку ў 2 мільярды еўра. Пасля гэтага СМІ даведаліся, што Марсалек шчыльна звязаны з расійскай вайсковай прыватнай кампаніяй (ЧВК) Вагнера ў Лівіі і расійскім ФСБ.
18 чэревня Марсалек быў звольнены. Сваім калегам ён сказаў, што ляціць на Філіпіны нібыта знайсці зніклыя мільярды, каб даказаць сваю невінаватасць, і знік. Марсалека пачалі шукаць не толькі ўлады Германіі і Аўстрыі з-за махінацый і растраты грошай, але і спецслужбы іншых краін, бо аўстрыйца пачалі падазраваць у сувязях з расійскай разведкай.
З 2015 года Марсалек рэалізоўваў свае праекты ў Лівіі і актыўна кантактаваў з расійскімі і еўрапейскімі чыноўнікамі наконт "гуманітарнага ўзнаўлення Лівіі". The Insider піша, што насамрэч меўся на ўвазе план па стварэнню прыватных вайсковых кампаній для абароны камерцыйных інтарэсаў у краіне, дзе ідзе вайна. Саветнікам Марсалека ў Лівіі быў Андрэй Чупрыгін — расійскі эксперт па арабскім свеце, які, паводле заходніх спецслужбаў, з'яўляецца афіцэрам ГРУ. Ёсць звесткі, што ў 2017 годзе ў якасці госця расійскіх вайскоўцаў Марсалек наведаў руіны Пальміры ў Сірыі, пасля таго, як тэрыторыя была адваяваная ў ІГІЛ. Таксама Марсалек выхваляўся, што ведае поўную формулу "Навічка", якім былі атручаныя Скрыпалі.
Па дадзеных выдання Bellingcat, Марсалек быў частым госцем у Расіі: за апошнія 10 гадоў ён наведаў краіну больш за 60 разоў. У суседнюю краіну ён заязджаў па шасці розных аўстрыйскіх пашпартах а таксама па іншых дакументах, якія былі выдаленыя з базы дадзеных аб перасячэнні мяжы. Напрыклад, ён прылятаў у Расію па "дыпламатычным пашпарце, выдадзеным неграмадзяніну" з нумарам DA0000051. Але вядома, што ніводная еўрапейская дзяржава не выдае падобныя пашраты. У рэдкіх краінах яны могуць выдавацца ганаровым консулам ці незаконна прадавацца. Цікава, што за некалькі дзён да свайго знікнення Марсалек выхваляўся, што мае пашпарты розных краін і з'яўляецца ганаровым консулам. У поле зроку ФСБ аўстрыец патрапіў у 2015 годзе — даследчыкі мяркуюць, што яго маглі разглядаць у якасці цікавага аб'екта для вярбоўкі.
Пасля звальнення з Wirecard Марсалек заблытваў сляды: браніраваў квіткі ў Кітай і Філіпіны, падробліваў іміграцыйныя карты, публікаваў фота на пляжах з катэйлем у руках. Але пасля словаў пра тое, што ў краіне, дзе цяпер хаваецца Марсалек, ва ўладзе 25 гадоў адны і тыя ж людзі, журналістам нескладана было ўзгадаць Беларусь. Паводле памежным дадзеным, аўстрыец прыехаў у нашу краіну і пакуль адсюль не выязджаў.
Прыватны самалёт Embraer 650 Legacy прывёз у Мінск Марсалека з Таліна, праз дзве гадзіны пасля прызямлення гэты самалёт выляцеў у Віцебск. Дзякуючы FlightRadar журналісты адсачылі, што такі ж прыватны самалёт прыляцеў у Талін з аўстрыйскага горада Калагенфурт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.