Спецдакладчыку ААН па Беларусі працягнулі мандат
Гэта стала вядома пасля сённяшняга галасавання дэлегацыяў, якія цяпер уваходзяць у Савет ААН па правах чалавека.
За прапанову працягнуць мандат Міклашу Харашці, аддалі свае галасы дэлегацыі 26 краін. Супраць выступілі 3, устрымаліся 15.
Згодна з рэгламентам лёс пытання вырашаецца простай бальшынёй галасоў, адзначае Радыё "Свабода".
У дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі Ірландыі, ЗША, Беларусі (прадстаўнік нашай краіны Міхаіл Хвастоў), Венесуэлы, Эквадора.
Нагадаем, што афіцыйны Мінск не прызнае мандат спецдакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Улады нашай дзяржавы адмовіліся супрацоўнічаць з Харашці і пускаць яго ў краіну.