"Справа за малым — калі-небудзь выйсці жывым з гэтай гісторыі" — Фядута з СІЗА

Аляксандр Фядута / Еўрарадыё
Аляксандр Фядута / Еўрарадыё

Палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, які ўжо больш за год знаходзіцца ў зняволенні, адчувае сябе даволі бадзёра. Такую выснову зрабілі ў рэдакцыі "Народнай волі", калі атрымалі ліст ад яго. Фядута застаецца супрацоўнікам рэдакцыі, яго не звольнілі.

Палітолаг піша, што адчувае сябе лепш, чым у СІЗА на Валадарскага.

"Паступова павялічваю фізічную нагрузку, займаючыся зарадкай. Пачаў знаходзіць у сябе на руках нейкія трыцэпсы — гэта сукамернік кажа, які разбіраецца ў анатамічных падрабязнасцях значна лепш, чым я", — іранізуе Фядута. Праблем з таблеткамі няма, але "застаецца пажаданай сустрэча са стаматолагам..."

Аляксандр Фядута таксама піша, што з жалем даведаўся пра смерць першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча.

"У нас з ім за трыццаць гадоў знаёмства адносіны складваліся па-рознаму, але, нягледзячы на рознагалоссі, размаўлялі мы цёпла і з усмешкамі", — адзначае ён.  Фядута па-ранейшаму заняты сваім рукапісам, афармляе ў кнігу каментары да рамана Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім". Адміністрацыя СІЗА вярнула яму яго працу "ў поўным аб'ёме". Яшчэ на Валадарскага ён даваў пачытаць каментары двум сукамернікам, якія знаёмыя з раманам.

"Яны хвалілі і казалі, што з радасцю папоўнілі б свае бібліятэкі гэтай кніжкай. Справа за малым — калі-небудзь выйсці жывым з гэтай гісторыі. Пакуль я веру, што гэта магчыма", — адзначыў Аляксандр Фядута.

Аляксандра Фядуту затрымалі ў красавіку 2021 года ў Маскве разам з юрыстам Юрыем Зянковічам. Адначасова ў Шклове быў затрыманы лідар партыі Беларускага народнага Фронту Рыгор Кастусёў. Іх абвінавачваюць у "змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам". Па гэтым артыкуле ім пагражае да 12 гадоў зняволення.

Праваабаронцы прызналі Аляксандра Фядуту палітвязням.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі