У ААН параўналі абыходжанне з палітвязнем Кастусёвым у калоніі з катаваннямі
Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё
Эксперты ААН па правах чалавека занепакоеныя паведамленнямі пра крытычны стан здароўя і жорсткае абыходжанне з 66-гадовым палітвязнем Рыгорам Кастусёвым.
У сваёй заяве яны адзначаюць, што рэжым Лукашэнкі парушае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы: "Непрадастаўленне належнага медыцынскага лячэння і догляду за зняволеным у крытычным стане парушае міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў галіне правоў чалавека, згодна з якімі з асобамі, пазбаўленымі волі, неабходна абыходзіцца гуманна і з павагай да іх чалавечай годнасці. Гэта можа быць нават раўназначна катаванням".
Эксперты ААН звяртаюць увагу на нясвоечасовае прадастаўленне турэмнай медслужбай вынікаў медыцынскага абследавання Кастусёву, яго адвакату і родным. Гэта пазбавіла палітвязня магчымасці настойваць на вызваленні з-пад варты па медыцынскіх паказаннях.
Таксама ў заяве гаворыцца, што Кастусёва нягледзячы на сталы ўзрост і стан здароўя неаднаразова трымалі пад вартай у больш суровых умовах, чым прадугледжана прысудам. Абскардзіць гэтыя дзеянні ён не мог праз "адсутнасць эфектыўных сродкаў прававой абароны".
Эксперты ААН заклікаюць рэжым Лукашэнкі разгледзець пытанне пра памілаванне Кастусёва, змякчэнне пакарання ці замену зняволення на іншую форму пазбаўлення волі.
Рыгор Кастусёў быў асджаны на 10 гадоў па абвінавачанні ў змове з мэтай падрыхтоўкі дзяржперавароту. Разам з ім быў асуджаны літаратуразнаўца і паліттэхнолаг Аляксандр Фядута (10 гадоў) і юрыст Юрась Зянковіч (11 гадоў).
У зняволенні ў Кастусёва, які мае анкалагічнае захворванне, абвастрыліся праблемы са здароўем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.