Справу чыноўніка Беларускай федэрацыі футбола перадалі ў суд

Справу чыноўніка Беларускай федэрацыі футбола перадалі ў суд

Справу дырэктара дэпартамента судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футбола, а таксама старшыні камісіі прызначэнняў перадалі ў суд. Яму выставілі абвінавачанне ў атрыманні хабару і атрыманні хабару паўторна (часткі 1 і 2 арт. 430 КК).

Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, следства высветліла, што з кастрычніка 2014 года да чэрвеня 2016-га чыноўнік прымаў ад суддзяў БФФ грашовыя ўзнагароджанні за спрыяльнае вырашэнне пытання аб іх прызначэнні на матчы вышэйшай і першай лігаў чэмпіянату Беларусі, а таксама на кубкавыя паядынкі. Агулам вядома пра шэсць эпізодаў "супрацьпраўнай дзейнасці". Сумы хабару вагаліся ад 100 да 200 долараў ЗША.

Адзначаецца, што суддзі, якія добраахвотна паведамілі праваахоўнікам пра здзейсненыя злачынствы, былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці. Пракуратура Мінска ўжо прыняла рашэнне аб перадачы справы ў суд. Абвінавачаны застаецца пад вартай.

У інфармацыі Следчага камітэта не паведамляецца прозвішча чыноўніка Беларускай федэрацыі футбола, але вядома, што гэта Андрэй Жукаў. Яго затрымалі ў працоўным кабінеце 7 чэрвеня па падазрэнню ў атрыманні хабару.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі