Стала вядома, хто мог зладзіць уцечку сакрэтных дакументаў з Пентагона
Мяркуецца, што дакументы выкладаў у чат супрацоўнік вайсковай базы / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Выданне The Washington Post выказала здагадку, хто мог стаяць за ўцечкай сакрэтных дакументаў Пентагона. Гэта малады чалавек 25 гадоў, які працаваў на адным з ваенных аб'ектаў і спрабаваў такім чынам зрабіць уражанне на ўдзельнікаў свайго чата. Гаворка ідзе пра закрыты чат у Discord. У ім — каля 20 чалавек, якія цікавяцца зброяй і ваеннай справай. Перыядычна яны абмяркоўвалі і сітуацыю ва Украіне. Нефармальным лідарам чата быў малады чалавек пад нікам OG. Публікаваць сакрэтныя файлы ў закрытым чаце ён пачаў яшчэ летась.
Са слоў OG, ён прыносіў іх дадому з працы. Спачатку ён перадрукоўваў сакрэтную інфармацыю, потым пачаў публікаваць фотаздымкі. Гэтыя здымкі ў красавіку і трапілі ў прэсу пасля таго, як іншы ўдзельнік выклаў іх у адкрыты чат. Да таго часу OG ўжо перастаў публікаваць сакрэтную інфармацыю. Журналісты пакуль не змаглі вызначыць яго імя. Толькі знайшлі відэа, на якім ён страляе па мішэнях і прамаўляе пры гэтым расісцкія і антысеміцкія лозунгі. У артыкуле таксама адзначаецца, што ОG не быў праціўнікам ЗША. Ён казаў, што не працуе ў інтарэсах якой-небудзь краіны.
У ЗША пачалі расследаванні па факце ўцечкі гэтых дакументаў. А міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што нават праўдзівая сакрэтная інфармацыя, якую была апублікаваная ў гэтых дакументах, больш не актуальная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.