Стала вядома, у чым вінавацяць жонку віцебскага палітвязня-відэааператара
Таццяна Пыцько / baj.by
Затрыманай жонцы віцебскага палітвязня выставілі абвінавачанне па крымінальнай справе, паведамляюць праваабаронцы.
Таццяну Пыцько вінавацяць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім (арт. 361-1 КК). Канкрэтныя падставы для абвінавачання пакуль не вядомыя.
Як распавядала Еўрарадыё, Таццяну затрымалі 6 чэрвеня. У 2020-м яе судзілі і штрафавалі за ўдзел у мірных шэсцях, праз гэта яна страціла настаўніцкую працу ў школе.
Летась у траўні ў Таццяны і Вячаслава Лазарава нарадзілася дачка Ева. Пасля затрымання маці яе перадалі ў дзіцячы шпіталь пад нагляд лекараў. Дзіця ўзялі пад апеку дзяржавы, пакуль прыватную апеку не аформяць сваякі.
Відэааператара Вячаслава Лазарава за сувязь з так званым "экстрэмісцкім" СМІ вінавацяць у "спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці". Ён ужо чатыры месяцы перабывае ў віцебскім СІЗА. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.