Дачка Ціханоўскіх збірае грошы на танк, “каб вызваліць тату”
Святлана Ціханоўская / Еўрарадыё
Дачка Ціханоўскіх збірае ў скарбонку грошы на танк, “каб вызваліць тату”. Пра гэта распавяла Святлана Ціханоўская на фестывалі “Яднайся” ў Варшаве.
"У мяне ўнікальная сітуацыя, таму што вельмі рэдка акцэнтуюць увагу на тым, што я жонка палітвязня. Часта пра гэта забываюцца. І ты ніколі сабе не дазваляеш стаць слабой і сказаць, што табе таксама балюча. Што табе даводзіцца размаўляць з мамай Сяргея, размаўляць са сваімі дзецьмі", — прызналася лідарка дэмакратычных сіл.
Ціханоўская расказала, што яе дачка падчас рэдкіх сустрэч плача і кажа, што збірае ў скарбонку грошы на танк, "каб ісці тату вызваляць з турмы". У старэйшага дзіцяці, па словах Ціханоўскай, пераходны ўзрост, яму патрэбны бацька. Маці Сяргея засталася ў Гомелі ў цяжкім стане.
Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца за кратамі з 29 траўня 2020 года. 14 снежня 2021 года Гомельскі абласны суд прысудзіў яму 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.