Статкевіча пасадзілі пад арышт, тэрмін выканання якога скончыўся
Апазіцыйнага лідара Міколу Статкевіча пасадзілі на Акрэсціна, хоць тэрмін выканання пакарання для яго ўжо скончыўся. Пра гэта паведамляе жонка палітыка Марына Адамовіч.
Яна звярнулася ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе ёй паведамілі, што Статкевіч адбывае адміністратыўнае пакаранне паводле рашэння суда, вынесенага аж у траўні. Гаворка ішла пра акцыю на 1 траўня, перад якой палітыка прэвентыўна затрымалі.
Марына Адамовіч адзначае, што паводле заканадаўства тэрмін на выкананне такога пакарання складае два месяцы — то бок, Міколу Статкевіча павінны былі арыштаваць не пазней як у ліпені, а цяпер тэрмін скончыўся. Тым не менш ён змешчаны ў ізалятар.
Нагадаем, што экс-кандыдата ў прэзідэнта і старшыню Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу Міколу Статкевіча затрымалі 26 жніўня каля 12.00, калі ён выйшаў з дома на сустрэчу. Марына Адамовіч звязвае гэтае затрыманне з акцыяй пратэсту, якую апазіцыя мяркуе зладзіць у Мінску 8 верасня.