Стаў вядомы асноўны кандыдат на пасаду галоўнага трэнера ФК "Дынама-Брэст"
Стаў вядомы асноўны кандыдат на пасаду галоўнага трэнера футбольнага клуба "Дынама-Брэст". Па звестках "Прессбола", гэта — беларускі спецыяліст Алег Дулуб. Ён блізкі да падпісання кантракту. Чакаецца, што прызначэнне можа адбыцца ў бліжэйшы час.
Алегу Дулубу 54 гады. Ён — ураджэнец Калінкавічаў. У мінулым Дулуб — футбаліст, трэнерскую кар'еру пачаў у 2001-м. Уваходзіў у трэнерскі штаб мінскага "Дынама", пасля чаго пачаўся яго зорны час. У 2015-2016 гадах ён быў галоўным трэнерам мінскіх "Крумкачоў", вывеў іх у вышэйшую лігу. Далей было запрашэнне ў львоўскія "Карпаты" (2016-2017), адэскі "Чарнаморац" (2017). У студзені 2018-га Алег Дулуб ачольвае БАТЭ, але ўжо летам яго нечакана адправілі ў адстаўку (барысаўчане лідыравалі ў чэмпіянаце Беларусі, але былі два балючыя паражэнні ад брэсцкага "Дынама" ў матчах за Суперкубак і Кубак Беларусі). Пасля працяглага адпачынку Дулуб сёлета папрацаваў у Казахстане з клубам "Атыртаў", але не вельмі ўдала.
Чэмпіён Беларусі брэсцкае "Дынама" развіталася з галоўным трэнерам 42-гадовым чэхам Марцэлам Лічкам 9 снежня. Мяркуецца, што кіраўніцтва клуба вырашыла замяніць яго на больш вопытнага спецыяліста — у наступным годзе дынамаўцаў чакае барацьба на два фронты — нацыянальны чэмпіянат і кваліфікацыя Лігі чэмпіёнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.