СТБ: У Брэсце Марадону трэба было прызначаць галоўным трэнерам "Дынама"
У выпуску навінаў на тэлеканале СТБ журналісты пракаментавалі дзіўную гісторыю з узаемаадносінамі знакамітага аргентынца Дыега Марадоны і ФК "Дынама-Брэст". Быў паказаны сюжэт пра трэніроўку мексіканскага клуба "Дарадас", якую праводзіў Марадона. Журналіст СТБ нагадаў, што брэсцкае "Дынама" на сённяшні дзень займае толькі 7-е месца ў чэмпіянаце Беларусі, і дадаў: "У Брэсце Марадону трэба было прызначаць не старшынёй праўлення, а галоўным трэнерам. Упэўнены, што ў такім выпадку каманда з горада над Бугам выступала б значна лепш". "Тады і развітання з Арцёмам Мілеўскім удалося б пазбегнуць", — дадала журналістка.
Як вядома, у траўні было абвешчана, што Марадона стаў старшынёй клуба (праўда, ён спачатку падумаў, што галоўным трэнерам). Прыязджаў Дыега ў Брэст толькі аднойчы, у ліпені, па дарозе з Расіі ў Аргентыну. Абяцаў нарэшце прыехаць на працу, але нядаўна стала вядома, што аргентынец уладкаваўся на працу ў мексіканскі клуб другога дывізіёну, дзе ён ці то тэхнічны дырэктар, ці то галоўны трэнер.
Прэс-служба "Дынама" супакойвала: Дыега застаецца ганаровым прэзідэнтам клуба, а кантракт дазваляе яму сумяшчаць пасады. Усё сапсаваў сам Марадона, які заявіў, што... не падпісваў кантракт з брэсцкім "Дынама"! Дакумент быў гатовы, але ўзніклі нейкія пытанні, і яго адклалі на будучыню. У Мексіцы аргентынец збіраецца застацца надоўга. Па фота і відэа з трэніроўкі відаць, што яму там падабаецца. Дыега стаў "жывым" і вясёлым, не такім, якім яго пабачылі ў Брэсце.