Стрыжак: Улада помсціць прафсаюзу РЭП за антыдармаедскія пратэсты
Ператрус у офісе незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці і крымінальная справа па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў яго кіраўнікоў — помста ўлады прафсаюзам за іх ролю ў веснавых акцыях пратэсту. Так Еўрарадыё пракаментаваў сітуацыю вакол прафсаюза РЭП актывіст гэтай арганізацыі Андрэй Стрыжак.
Стрыжак: “Галоўная прычына такога пераследу — наш актыўны ўдзел у “Вясне-2017”. А гэта і збор подпісаў, і мабілізацыя людзей, пратэстнага патэнцыялу грамадства, што прывяло да таго, што дэкрэт №3 быў заблакаваны і практычна цяпер не працуе. Было зразумела, што проста так гэта не скончыцца, што нейкія меры ўлада прыме. Адно незразумела: чаму гэта адбываецца менавіта цяпер. Калі ў нас чарговае паляпшэнне адносінаў з Захадам, калі выйшлі на волю фігуранты “справы патрыётаў”. Магчыма, уладзе проста спатрэбіўся новы козыр, якім яна можа гуляць са сваімі заходнімі партнёрамі”.
Нагадаю, 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі ператрус у мінскім офісе прафсаюза РЭП. Старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч затрыманы, да яго паехаў адвакат. Месцазнаходжанне яго намесніка Ігара Комліка невядомае. У гэты ж дзень прайшоў ператрус і ў офісе Незалежнага прафсаюза гарнякоў у Салігорску. Так таксама праваахоўнікі правялі выемку дакументаў і камп'ютараў. Дакладна невядомы лёс старшыні Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука. Паводле адных крыніц, яго затрымалі, паводле іншых — выклікалі на допыт у якасці сведкі.