Студэнт можа адмовіцца ад размеркавання нават за дзень да яго
Пад размеркаванне трапляе толькі 1 з 14 маладых эканамістаў з БДУ. А ў Медуніверсітэце заявак нашмат больш чым выпускнікоў. Еўрарадыё даведалася, як выпускніку
Яшчэ перад размеркаваннем варта папрасіць у камісіі поўны спіс заявак з усёй краіны, каб дакладна ведаць колькі спецыялістаў патрабуюць дзяржпрадпрыемствы. Даволі часта іх патрэбы моцна адрозніваюцца ад колькасці выпускнікоў. Напрыклад, на філалагічным факультэце БДУ дзяржаўныя заяўкі ахопліваюць каля 70-80% студэнтаў (найменш заявак звычайна паступае на спецыялістаў па славянскіх мовах і па рамана-германскай філалогіі). Астатнія могуць знайсці сабе месца працы самі, у тым ліку і ў прыватных арганізацыях, даведаліся мы ад дэкана філфака БДУ Івана Роўды.
Іван Роўда: “Прыватныя фірмы таксама належаць да нашай дзяржавы, яны ж плацяць падаткі. Таму не забараняецца размяркоўваць іх у прыватныя фірмы.”
А вось на эканамічным факультэце БДУ размеркаванне ў прыватную фірму – гэта рэдкасць. Нягледзячы на тое, што на 50 бюджэтных месцаў там прыходзіцца 3-4 заяўкі, і тыя могуць застацца нявыкарыстанымі. Звычайна выпускнікі знаходзяць сабе месца працы самастойна, прычым менавіта ў дзяржсектары, паведамілі Еўрарадыё ў дэканаце факультэта.
Супрацоўніца дэканата эканамічнага факультэта БДУ: “Практычна, калі студэнтаў не задавальняе тое месца, куды яго хочуць накіраваць, то студэнты самі сабе шукаюць, каб было лепш. Таму што мы ж і ў раён можам адправіць і яшчэ куды. Шмат хто з 4-5 курса ўжо працуе ў банках, напрыклад у Нацбанку, а потым і размяркоўваюцца туды”.
Тэарэтычна заяўку з самастойна знойдзенага месца працы ва ўніверсітэт трэба прынесці за месяц да размеркавання. Аднак камісія звычайна ідзе на саступкі нават калі зрабіць гэта за дзень перад размеркаваннем, кажа Іван Роўда.
Аднак у практыцы такія магчымасці маюць не ўсе студэнты. У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце пра ўласныя заяўкі ніхто і слухаць не стане. Як даведалася Еўрарадыё ад рэктара БДМУ Анатоля Сікорскага, у краіне востры недахоп медыкаў, нягледзячы на тое, што трэці год запар іх набор павялічваецца.
Анатоль Сікорскі: “Ні адзін выпуск не можа пакрыць патрэбы, калі на сённяшні дзень 4,5 тысячы працоўных месцаў вольных. У нас месцаў працы значна больш, чым колькасць выпускнікоў”.
Тым не менш кожны выпускнік мае права напісаць усе свае пажаданні адносна будучага месца працы у заяве да камісіі па размеркаванні. Такая заява можа істотна паўплываць на будучы лёс выпускніка, паведаміў Еўрарадыё намеснiк старшынi Цэнтральнага камiтэта Беларускага прафсаюза работнiкаў адукацыi i навукi Раман Дапiра:
Раман Дапіра: “Малады спецыяліст можа тады напісаць у пісьмовым звароце: “Прашу размеркаваць мяне па заяўцы гэтага канкрэтнага наймальніка, таму што ў мяне такія і такія абставіны”. Гэта таксама рэальна. Добра, калі гэта будзе хаця б за месяц. Гэта будзе ўжо больш значыць, чым проста размова”.
Найбольш істотнымі для камісіі будуць 3 фактары: магчымасць прафесійнай рэалізацыі на дадзеным працоўным месцы, сацыяльны фактар (то бок сям’я) і заробак працаўніка. Па словах Рамана Дапіры, калі падчас навучання малады спецыяліст паспеў ажаніцца, а ягоная жонка (ці муж) ужо недзе працуе, у яго ёсць усе падставы для размеркавання у той самы горад.
Раман Дапіра: “Сям’я на сённяшні дзень з’яўляецца асноваўтваральным фактарам для вырашэння пытанняў размеркавання. Натуральна, вывучаецца сямейнае становішча. І на сённяшні дзень Палажэнне па размеркаванні дазваляе размяркоўваць маладых спецыялістаў у той населены пункт, дзе працуе жонка ці муж”.
Для нежанатых і незамужніх выпускнікоў не менш важным з’яўляецца становішча бацькоў. Выхадцы з паталагічных сем’яў пры жаданні маюць усе шанцы з’ехаць працаваць у іншы горад. А асобы з фінансавымі цяжкасцямі ў сям’і павінны змагацца за месцы з больш высокім заробкам, лічыць Раман Дапіра.
Калі ж вы хочаце ўвогуле пазбегнуць размеркавання і не плаціць за 5 гадоў навучання, то варта ісці ў магістратуру. Праўда, калі пасля яе не паступіць у аспірантуру, вас чакае наступнае размеркаванне. Тым не менш можна абысці і яго. Па словах Рамана Дапіры, для гэтага трэба або заплаціць за 2-гадовую магістратуру пасля яе заканчэння або адразу паступіць на платнае.
Раман Дапіра: “На сённяшні дзень закон аб вышэйшай адукацыі дазваляе маладому спецыялісту не адпрацоўваць пасля сканчэння навучання ў магістратуры за кошт уласных сродкаў”.
Няма ў законе і абавязку адпрацоўкі пасля аспірантуры, таму што туды бяруць толькі на ўмовах мэтавага набору. Тым не менш, пасля атрымання ступені кандыдата навук, тэарэтычна вы можаце адмовіцца ад кантракта і не плаціць за сваё навучанне. Праўда, кожны такі выпадак ВНУ будзе разглядаць індывідуальна, таму што выпускнікі аспірантуры не падлягаюць Палажэнню аб размеркаванні.
Фота: naviny.by