Чыслаў: Фігурантаў справы Белага легіёну за кратамі "накачваюць" псіхатропамі

Чыслаў: Фігурантаў справы Белага легіёну за кратамі "накачваюць" псіхатропамі

20 красавіка ў Беларускім доме ў Варшаве прайшла прэс-канферэнцыя па справе “Белага легіёна”. У ёй узяў удзел заснавальнік гэтай арганізацыі Сяргей Чыслаў (Бульба).

Справа “Белага легіёну” закранула яго не толькі як аднаго з колішніх лідараў патрыятычнага руху: яго брат і пляменнік апынуліся за кратамі па справе аб масавых беспарадках.

Па словах Чыслава, сваякі пастаянна падтрымліваюць кантакт з ім нават з турэмных засценкаў. Брат і пляменнік змаглі перадаць яму інфармацыю пра тое, як іх збіваюць, спрабуючы выбіць патрэбныя паказанні, а таксама ўжываюць псіхатропы.

Чыслаў: “Я не ведаю, дзе правесці мяжу паміж катаваннем і збіццём. Па-першае, збіваюць не па-дзіцячы, па-другое, прымяняюць псіхатропныя сродкі”.

На думку Чыслава, справа “Белага легіёна” можа стаць падставай для ўвядзення Захадам новых санкцый супраць беларускіх уладаў. Але актывіст не верыць, што заходнія краіны пойдуць на сур’ёзныя крокі ў гэтай сітуацыі.

“Сапраўдныя санкцыі можа ўвесці толькі беларускі народ. Толькі людзі, якія не баяцца ўдзельнічаць у акцыях непадпарадкавання, змогуць паставіць на месца ўлады. Зараз надышоў момант, калі трэба вызначацца, на чыім ты баку. Гэты выбар перад народам паставілі самі ўлады, распачаўшы інфармацыйную вайну”, – мяркуе ён.

Цяпер стваральнік “Белага легіёна” плануе дамагацца таго, каб усіх фігурантаў справы аб масавых беспарадках прызналі палітвязнямі.

Чыслаў: “Нягледзячы на тое, што ўлады падкінулі зброю, я лічу, што гэта ёсць чыстай вады палітвязні. За  страйкбольныя прыстасаванні няма крымінальнай адказнасці, а ўся астатняя баявая зброя, якая фігуруе ў справе, — падкідышы. Гэта зафіксавана адвакатамі і перададзена ў Генеральную пракуратуру”.

Бліжэйшым часам Чыслаў анансаваў падобныя прэс-канферэнцыі ў Празе і Кіеве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі