Створана рабочая група па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур для бізнесу
У Беларусі створана рабочая група па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур для бізнесу. Адпаведнае распараджэнне (№102р) у панядзелак, 21 сакавіка, падпісаў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Кіраўніком групы прызначылі першага намесніка прэм'ера Васіля Мацюшэўскага.
Як інфармуе прэс-служба Саўміна, у склад рабочай групы ўвайшлі намеснікі міністраў фінансаў, эканомікі, энергетыкі, сувязі і інфарматызацыі, прыроды і навакольнага асяроддзя, Мінаблвыканкама, Дзяржкамітэта па стандартызацыі, Нацбанка. Таксама ў яе склад увайшлі прадстаўнікі Савета па развіццю прадпрымальніцтва, Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, Беларускага саюза прадпрымальнікаў, Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў.
Адзначаецца, што група павінна падрыхтаваць прапановы па ўдасканаленню заканадаўства, якія рэгулююць пытанні адміністрацыйных працэдур у адносінах юрыдычных асобаў і ІП, па скасаванню неактуальных і неэфектыўных працэдур для бізнесу. Таксама будуць падрыхтаваныя прапановы аб увядзенні ў Беларусі "ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння нарматыўных прававых актаў па пытаннях здзяйснення ў адносінах юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў адміністрацыйных працэдур". Рабочая група разгледзіць і пытанне аб стварэнні электроннага рэестру адміністрацыйных працэдур, якія здзяйсняюцца ў адносінах юрасобаў і ІП.
Запланаванае стварэнне аналітычных групаў з прыцягненнем спецыялістаў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, якія падначаленыя ўраду, экспертаў з навуковых установаў, установаў адукацыі, аб'яднанняў прадпрымальнікаў, а таксама міжнародных экспертаў.
Пра зробленую працу і вынікі па аптымізацыі адміністрацыйных працэдур рабочая група мусіць дакласці Саўміну да 20 студзеня 2017 года.