The Subways далі шалёны канцэрт у Мінску і пачалі спяваць па-беларуску (фотарэпартаж)
— Ведаеш гэты гурт?
— Не, не ведаю. Але харошы.
— Чаму так думаеш?
— Усе гурты дзеляцца на дзьве групы: адны дазваляюць фатаграфаваць увесь канцэрт, а іншыя — толькі тры першыя песні. Дык вось першыя — гэта харошыя. А другія — не.
— А The Subways што?
— Яны сказалі фатаграфаваць, колькі захачу.
Гэта ў нас з фатографам такі дыялог быў перад канцэртам. Выступ брытанцаў давёў парвільнасць словаў калегі — канцэрт быў адным з самых шалёных і ўгарных, якія я толькі бачыў у Мінску.
Пачалося ўсё з басісткі (так, усё правільна — басісткі) гурта Шарлоты Купер. Я ніколі на жыва не бачыў, як сябе паводзіў на сцэне Курт Кабэйн (але шмат пра гэта чуў), але гэтая дзяўчына вырабляла ў “Рэпабліку” нешта накшталт таго. Толькі ўявіце — бландзінка, макіяж, кароткія шорты, цішотка ў блёстках, белы бас і скокі на сцэне. Проста чума, гэта трэба бачыць.
Але яшчэ большы угар пачаўся калі вакаліст Біллі Лан пачаў па-беларуску крычаць у залу: “Дзякуй!”, “Скачыце!”, “Як справы?” і “Наступная песня пра маю маці”. Клуб вішчаў, брытанцы свяціліся ад радасці.
Шарлотта выкрыквала “Дзякуй вялікі!”. Поўны атас. Бліжэй да сярэдзіны канцэрта (які працягваўся 1,5 гадзіны) ангельцы па-беларуску гаварылі ўжо без акцэнта. А самы кранальны момант здарыўся падчас выканання мегахіта "Rock & Roll Queen", адзін з куплетаў якога Лан парспяваў па-беларуску.
Асобна пра гук — словы песень можна было разабраць нават у прыбіральні “Рэпабліка”. Тыя, хто там быў, мяне зразумеюць. Астатнім патлумачу, што звычайна ў гэтым месцы можна разабраць толькі шум.
Пашкадаваць можна толькі пра тое, што клуб быў запоўнены на палову. Настолькі добрыя канэцрты у Мінску бываюць надзвычай рэдка.